Шасцярых затрыманых з гуртом IRDORATH на лецішчы арыштавалі на 15 сутак
Стала вядома, што суддзі Мінскага раёна на выязным пасяджэнні разгледзелі справы яшчэ шасцярых чалавек, якіх затрымалі на святкаванні дня нараджэння вакалісткі музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Надзеі Калач, паведамляюць праваабаронцы.
Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў і Аляксей Палаўчэня былі арыштаваныя на 15 сутак. Усіх затрыманых судзілі па арт. 24.3 КаАП за тое, што яны не адчынілі вароты сілавікам.
Нагадаем, 2 жніўня на лецішчы, дзе Надзея Калач святкавала дзень нараджэння, супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі 16 чалавек. На наступны дзень прэс-служба МУС паведаміла, што на дзесяцярых чалавек склалі пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, а супраць яшчэ шасцярых распачалі крымінальныя справы за ўдзел у жнівеньскіх маршах.