БЕЛ Ł РУС

Дзіцячы лагер на Лідчыне закрылі з-за надпісаў па-англійску і сцяжка Германіі 

11.06.2024 / 17:31

Nashaniva.com

Пракуратура адправілася ў рэйд па незарэгістраваных дзіцячых лагерах. Гісторыю пра адну з такіх устаноў у Лідскім раёне расказалі ў эфіры «РТР-Беларусь».

Скрыншот відэа: РТР-Беларусь

Па словах аўтараў сюжэту, у лагеры жылі 55 дзяцей узросту ад васьмі гадоў. Пры гэтым сцвярджаецца, што пра «стыхійны лагер» ніхто не ведаў.

Пракуратура знайшла ў лагеры шматлікія парушэнні. Напрыклад, дзеці спалі на падлозе, а ў халадзільніку побач з ежай захоўвалі жывую прыкормку для рыбы. У дзяцей быў свабодны доступ да ракі, круты спуск у Нёман не быў абгароджаны.

Дарослых у лагеры было ўсяго некалькі чалавек, некаторым валанцёрам, па словах пракурора раёна Андрэя Клішэвіча, не было 18 гадоў.

Але асабліва абурылі прапагандыстаў надпісы на англійскай і нямецкай мовах у пакоях, а таксама сцяжок Германіі. 

@nashaniva Пасля прыватных школ і садкоў узяліся і за лагеры? #беларусь #детскийлагерь #нашаніва #беларускаямова #беларусьновости ♬ Last Hope - Steve Ralph

«Вось такі надпіс і дзяржсімвалы еўрапейскіх краін знайшлі ў некалькіх пакоях. Праўда, навязаць свае ідэі арганізатары не паспелі: псеўдалагер закрылі праз дзень», — гаворыцца ў сюжэце.

У Лідскім раёне стварылі міжведамасную аператыўную групу, якая выязджае на любы сігнал аб нелегальным дзіцячым адпачынку.

Чытайце таксама:

Чыноўнікі ўзяліся за прыватныя дзіцячыя лагеры — абяцаюць жорсткія рэйды

«Беларусьфільм» зняў мультфільм пра вайну — запаўняць залы дзецьмі будуць адміністрацыйнымі метадамі

Гульня, якая зайшла занадта далёка. Як расійскія падлеткі са зброяй захапілі вёску пад Светлагорскам

Каментары да артыкула