БЕЛ Ł РУС

Усе ядзерныя дзяржавы летась павялічылі свае арсеналы. Пазітыў ёсць, але мала

17.06.2024 / 19:36

Nashaniva.com

Стакгольмскі інстытут даследавання праблем міру (SIPRI) выпусціў штогадовы агляд ядзерных сіл, якімі валодаюць розныя краіны, піша РБК. Эксперты інстытута прыйшлі да высновы, што ўсе ядзерныя краіны ў 2023 годзе пашырылі свае арсеналы. Больш актыўна за ўсіх гэта рабілі Кітай і КНДР.

Запуск ядзернай ракеты. Фота: Russian Defense Ministry Press Service via AP

Ядзерныя краіны ўсё больш абапіраюцца на канцэпцыю ядзернага стрымлівання, таму за апошні год колькасць распрацовак у гэтай сферы паўсюдна вырасла, сцвярджаецца ў прысвечанай ядзерным арсеналам частцы штогадовага даследавання Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (Stockholm International Peace Research Institute — SIPRI).

За апошні год усе дзевяць ядзерных дзяржаў — пяць афіцыйных (Вялікабрытанія, Кітай, Расія, ЗША, Францыя) і чатыры неафіцыйныя (Ізраіль, Індыя, КНДР, Пакістан) — разгарнулі новыя ядзерныя ўзбраенні, адзначаюць эксперты.

Агульнасусветны запас — 12121 ядзерная боегалоўка, з іх у студзені 2024 года 9585 знаходзіліся ў рэзервах. Паводле даных на студзень 2024 года, 3904 боегалоўкі маглі быць разгорнутыя на ракетах і самалётах — гэта на 60 больш, чым у студзені 2023 года; з іх 2,1 тыс. знаходзіліся ў стане высокай баявой гатоўнасці.

На Расію і ЗША прыпадае каля 90% усёй ядзернай зброі ў свеце. Прынцыповых перамен за год не адбылося — стан іх ядзерных сілаў быў стабільным, хіба што толькі, па падліках інстытута, Расія разгарнула 36 дадатковых боегаловак.

Больш значна, паводле ацэнкі SIPRI, нарасціў свае ядзерныя сілы Кітай — з 410 боегаловак у 2023 годзе да 500 у 2024-м. І гэты арсенал працягне расці, прагназуюць аналітыкі.

«Упершыню ў мірны час Кітай, верагодна, размесціць невялікую колькасць боегаловак на ракетах, — адзначаюць яны. — У залежнасці ад таго, як ён структуруе свае сілы, да канца дзесяцігоддзя ён можа атрымаць прыкладна столькі ж міжкантынентальных балістычных ракет (МБР), колькі ёсць у Расіі і ЗША. Хоць колькасць ядзерных боегаловак у Кітая па-ранейшаму будзе меншай, чым у гэтых дзвюх краін».

Вялікабрытанія ў 2023 годзе запасы не нарошчвала, аднак гэта ў яе планы па-ранейшаму ўваходзіць — у найбліжэйшыя гады колькасць боегаловак, якімі валодае краіна, павінна вырасці з 225 да 260. Францыя ж працягвае будаваць атамныя падлодкі трэцяга пакалення, якія б такія боегалоўкі дастаўлялі.

Трохі пашырыла свой арсенал Індыя — як і Пакістан, яна развівае новыя сістэмы дастаўкі. Аднак у той час як Ісламабад сканцэнтраваны на патэнцыйных ударах па тэрыторыі Індыі, апошняя стала надаваць больш увагі сістэмам вялікай далёкасці — такім, якія маглі б патрапіць у цэлі, размешчаныя ў Кітаі.

Свае арсеналы таксама нарасціла КНДР, для якой ядзерныя сілы — цэнтральны элемент у сістэме нацыянальнай бяспекі. Сёння, паводле ацэнкі SIPRI, у Пхеньяна 50 боегаловак і дастаткова расшчапляльных матэрыялаў, каб давесці гэтую колькасць да 90. Пхеньян, падобна, сканцэнтраваўся на развіцці тактычных ядзерных сістэм: пра гэта сведчаць выпрабаванні ракет меншай далёкасці, якія ён правёў у 2023 годзе.

Ізраіль, які не прызнае наяўнасць у яго ядзернай зброі, таксама мадэрнізуе свае сілы — гэта тычыцца ў першую чаргу вытворчасці плутонію ў ядзерным цэнтры ў Дымоне.

Паводле ацэнкі экспэртаў SIPRI, канфлікты ва Украіне і ў Газе ў 2023 годзе яшчэ больш аслабілі ядзерную дыпламатыю. Расія прыпыніла свой удзел у дамове аб СНУ, яна і ЗША перасталі абменьвацца данымі па гэтым дакуменце. Пазней Масква адклікала ратыфікацыю дамовы, якая забараняе ядзерныя выпрабаванні, а ў 2024 годзе абвясціла пра вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй.

Што тычыцца Блізкага Усходу, то летам 2023 года Іран і ЗША дасягнулі неафіцыйнага пагаднення па ядзернай угодзе, што крыху зменшыла градус напружання. Аднак гэты працэс падарваў напад ХАМАС на Ізраіль.

Былі ў 2023 годзе і пазітыўныя эпізоды. Улетку дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен наведаў Пекін. Гэта дазволіла ЗША і Кітаю пашырыць прастору для дыялогу, уключаючы кантроль над узбраеннямі. Пазней Вашынгтон і Пекін дамовіліся аднавіць кантакты па лініі вайсковых ведамстваў.

Чытайце таксама:

Наколькі імаверныя Трэцяя сусветная вайна і ядзерны ўдар? Ацэнка Фрыдмана

НАТА абмяркоўвае прывядзенне ядзернай зброі ў баявую гатоўнасць

МАГАТЭ аказвала прамую падтрымку іранскай ядзернай праграме

Шайгу: Расійска-беларускія ядзерныя вучэнні — рэакцыя на дзеянні Захаду

Каментары да артыкула