Букмекерскі рынак паказаў рэзкі рост падтрымкі Дональда Трампа
Упершыню са жніўня кандыдат ад Рэспубліканскай партыі ЗША Дональд Трамп вырваўся наперад у перадвыбарнай гонцы.
Evan Vucci / AP
Праўда, пра гэта кажуць не апытанні, а букмекерскі рынак, на якім карыстальнікі ставяць грошы на перамогу аднаго з кандыдатаў, паведамляе Bild.
Асноўны імпульс пайшоў ад платформы Polymarket. У пачатку гэтага тыдня шанцы Трампа на перамогу тут складалі 53,3%, Харыс — 46,1%.
Напярэдадні літаральна за некалькі гадзін рэйтынг Трампа вырас амаль на тры працэнтныя пункты. Пры гэтым за апошнія дні не было прыкметных падзей, якія маглі б кардынальна змяніць ход перадвыбарнай гонкі.
Як піша выданне Forbes, за рэзкім скокам ставак на Трампа могуць стаяць заявы самага багатага чалавека ў свеце Ілана Маска, які падтрымаў рэспубліканца падчас выступу ў горадзе Батлер у мінулыя выходныя.
Акрамя таго, адзін з карыстальнікаў пад нікам Fredi9999 зрабіў стаўку на Трампа памерам адразу ў чатыры мільёны даляраў.
У адрозненне ад іншых платформаў, на Polymarket няма верхніх абмежаванняў на суму, якую можна паставіць.
Як бы там ні было, у сярэднім па ўсіх апытаннях грамадскай думкі ў ЗША Харыс усё яшчэ апярэджвае Трампа на два працэнтныя пункты. Гэты паказчык практычна не змяняецца ўжо больш за месяц.
Прэзідэнцкія выбары пройдуць у ЗША 5 лістапада.
Чытайце таксама:
Журналіст: Трамп, пакінуўшы Белы дом, размаўляў некалькі разоў з Пуціным
Харыс адмовілася ад сустрэчы з Пуціным па Украіне без удзелу Украіны
Ілан Маск выступіў у падтрымку Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі