БЕЛ Ł РУС

У Мінску цалкам знеслі будынак Гістарычнай майстэрні на месцы былога гета ФОТА

8.12.2024 / 23:31

Ф. Раўбіч

Ад Гістарычнай майстэрні Леаніда Левіна па вуліцы Сухой застаўся толькі падвал і груды цэглы з дарэвалюцыйнымі клеймамі.

Месца знесенай Гістарычнай майстэрні ў Мінску. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Фотаздымкі з месца, дзе стаяў будынак, апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына».

Работы па зносе будынку пачаліся на днях, але тады палічылі, што дэмантавана і пасля сабрана нанова будзе толькі драўляная частка.

Гістарычная майстэрня да пачатку рэканструкцыі. Фота: Беларуская служба Польскага радыё 

Як сцвярджаецца ў крыніцах, дом быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя і належаў сям’і Бяркоўскіх. Лейб Бяркоўскі быў вартаўніком на размешчаных непадалёк яўрэйскіх могілках і вядомым разьбяром па камені — таксама рабіў камяні для могілак. Падчас вайны дом ля могілак знаходзіўся ў межах Мінскага гета. У ім была зроблена схованка, так званая «маліна». 

21 кастрычніка 1943 года нацысты ліквідавалі гета, знішчыўшы ўсіх яго насельнікаў. 23 кастрычніка акупанты абвясцілі Мінск «юдэнфрай» (Judenfrei) — свабодным ад яўрэяў. Аднак у «маліне» схаваліся 26 яўрэяў з гета, і 13 з іх дажылі да вызвалення. У 2003 годзе ў будынку Леанід Левін адкрыў Гістарычную майстэрню, дзе ладзіліся выставы па тэме Халакоста, а таксама міжнародныя канферэнцыі і семінары.

Пачатак зносу Гістарычнай майстэрні. Фота: чат тэлеграм-канала «Спадчына»

Месца знесенай Гістарычнай майстэрні ў Мінску. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Месца знесенай Гістарычнай майстэрні ў Мінску. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Будынак даўно быў аварыйны, і ў частцы яго ўвогуле забаранялася хадзіць з-за небяспекі абвальвання падлогі. Канцэпцыю рэканструкцыі Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой прадставілі яшчэ ў канцы верасня 2021 года. Канцэпцыя рэканструкцыі, распрацаваная пад кіраўніцтвам архітэктаркі Галіны Левінай, дачкі Леаніда Левіна, прадугледжвала знос пасляваенных прыбудоў да дома, які на праектных планах пазначаны як будынак канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Замест іх мусіла ўзнікнуць прыбудова са шкла і каменю, якая б значна пашырыла плошчу Гістарычнай майстэрні.

Падвал знесенага будынка на Сухой вуліцы, 25. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Падвал знесенага будынка на Сухой вуліцы, 25. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Рэалізацыя праекта па невядомых прычынах зацягнулася, актыўныя будаўнічыя работы былі заўважаныя толькі цяпер, у канцы 2024 года. Рэканструкцыя, аднак, выйшла за межы абазначанага ў ранейшай канцэпцыі зносу прыбудоў.

Экскаватарамі знеслі не толькі прыбудовы, драўляную частку дома, але і мураваную. Захаваўся толькі падвал і груда цэглы, на якой можна пабачыць кляймо «Ф». Цэглу з такім кляймом выраблялі цагельным заводзе ў мінскім прадмесці Пляшчанка (раён вуліцы Розы Люксембург), які ў 1898 годзе заснавала сям'я яўрэйскіх прамыслоўцаў Фрыдаў.

Груда цэглы на месцы Гістарычнай майстэрні. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Дарэвалюцыйная цэгла з кляймом «Ф» цагельні Гірша Фрыда. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Зрэшты, тэлеграм-канал «Спадчына», прааналізаваўшы нямецкія аэрафотаздымкі часоў вайны, заўважае: у пачатку вайны на рагу Сухой і Калектарнай сапраўды існавалі два дамы, але яны не супадаюць па абрысах з часткамі будынка, у якім размяшчалася Гістарычная майстэрня, а на аэрафотаздымках за 1943-1944 гады на гэтым месцы ўжо не існавала ніякіх пабудоў. З гэтага вынікае, што будынак Гістарычнай майстэрні мог быць пабудаваны ўжо пасля вайны, а не ў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, як сцвярджалася ў праекце.

Чытайце таксама:

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост

Як выглядае сусветна вядомая яўрэйская семінарыя ў Валожыне пасля рэстаўрацыі — шмат ФОТА

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца

Каментары да артыкула