БЕЛ Ł РУС

Ніякага 21 дня. Абвергнуты самы папулярны міф пра звычкі

29.01.2025 / 21:50

Nashaniva.com

Многія з нас чулі пра тое, што на фармаванне звычкі чалавеку патрабуецца 21 дзень, аднак новае даследаванне, праведзенае на аснове назіранняў за некалькімі тысячамі чалавек, абвяргае гэты міф.

Ілюстрацыйная выява. Фота: Vecteezy

Навукоўцы з Універсітэта Паўднёвай Аўстраліі выявілі, што фармаванне карысных і іншых звычак займае значна больш часу, чым прынята лічыць.

Даследаванне, у якім узялі ўдзел больш за 2600 чалавек, паказала, што ў сярэднім новыя звычкі пачынаюць фарміравацца на працягу двух месяцаў (59—66 дзён), але іх поўнае замацаванне можа заняць да 335 дзён, піша выданне ScienceDaily.

Акрамя таго, існуе шэраг дадатковых фактараў, якія ўплываюць на паспяховае фармаванне звычак.

«Поспех залежыць ад таго, як часта мы паўтараем новае дзеянне, у які час сутак гэта адбываецца і наколькі яно прыемнае для нас. Калі ўключыць новы рытуал у ранішні расклад, шанцы на яго замацаванне павялічваюцца. Таксама важна атрымліваць задавальненне ад працэсу», — тлумачыць аўтар даследавання доктар Бэн Сінгх.

«Спрацоўваюць і такія прыёмы, як загадзя падрыхтаваныя рэчы: напрыклад, пакласці спартыўную форму ўвечары, каб раніцай было лягчэй пайсці на прабежку, або прыгатаваць карысны сняданак загадзя.

Чым лепш мы плануем новыя звычкі і ўключаем іх у штодзённае жыццё, тым большая верагоднасць таго, што яны паспяхова замацуюцца. Менавіта таму важна не здавацца, калі праз тры тыдні ў вас не атрымліваецца адаптавацца да новага рэжыму», — падкрэслівае даследчык.

Высновы навукоўцаў з Аўстраліі могуць быць карыснымі для распрацоўкі дзяржаўных праграм, якія спрыяюць фармаванню здаровых звычак у насельніцтва. Даследчыкі дадаюць, што патрэбныя далейшыя навуковыя працы, але ўжо цяпер высновы могуць дапамагчы людзям разумней планаваць шлях да здаровага жыцця.

Чытайце таксама:

Ці сапраўды карысна адмаўляцца ад салодкага?

Вучоныя знайшлі самы эфектыўны спосаб паскорыць рост мускулаў

Навукоўцы высветлілі, што людзі чытаюць Вікіпедыю абсалютна па-рознаму — усё залежыць ад узроўню адукацыі

Каментары да артыкула