Apple можа здаць прыватныя даныя ўсіх сваіх карыстальнікаў у свеце спецслужбам Вялікабрытаніі. Гэта можа стаць небяспечным прэцэдэнтам
Брытанскія ўлады таемна запатрабавалі ад кампаніі Apple даць доступ да зашыфраваных рэзервовых копій iCloud усіх яе карыстальнікаў у свеце, што можа паставіць пад пагрозу ўсю іх канфідэнцыяльную інфармацыю. Прыкладам Брытаніі могуць скарыстацца іншыя краіны.
Ілюстрацыйная выява. Фота: «Наша Ніва»
Паводле крыніц выдання The Washington Post, урад Вялікабрытаніі яшчэ ў снежні 2024 года выдаў кампаніі Apple так званы technical capability notice — тэхнічнае паведамленне аб неабходнасці забяспечыць доступ да прыватных даных. Патрабаванне не абмяжоўваецца канкрэтнымі карыстальнікамі, а ахоплівае ўсе зашыфраваныя файлы, загружаныя на iCloud з усяго свету з любых прылад Apple.
Сама кампанія Apple у выпадку падпарадкавання не зможа папярэджваць карыстальнікаў пра парушэнне бяспекі іх даных. Пры гэтым падача апеляцыі супраць патрабаванняў брытанскіх уладаў, паводле мясцовага заканадаўства, не спыняе выкананне загаду.
Самы лепшы з выхадаў абараніцца — гэта функцыя Advanced Data Protection, якую кампанія ўвяла ў 2022 годзе для iCloud. Яна дае канчатковае шыфраванне (end-to-end encryption) рэзервовых копій даных карыстальнікаў, што азначае, што нават сама Apple не зможа атрымаць да іх доступ. Аднак функцыя недаступная па змоўчанні — яе трэба ўручную ўключаць у наладах iCloud.
Для параўнання, Google прапануе аналагічнае канчатковае шыфраванне рэзервовых копій Android па змоўчанні з 2018 года, а WhatsApp ад Meta таксама дае карыстальнікам магчымасць захоўваць зашыфраваныя рэзервовыя копіі.
Чытайце таксама: Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд
Праблема з доступам урадаў да зашыфраваных даных не новая. Брытанскія ўлады ўжо неаднаразова выступалі супраць шыфравання, сцвярджаючы, што яно дапамагае тэрарыстам і злачынцам хавацца ад праваахоўнікаў.
Пры гэтым у снежні 2024 года амерыканскія спецслужбы, у тым ліку АНБ і ФБР, наадварот, далучыліся да рэкамендацый па максімальным выкарыстанні канчатковага шыфравання для абароны ад кіберпагроз, у першую чаргу з боку Кітая.
Калі Apple выканае патрабаванні Вялікабрытаніі, гэта можа стварыць прэцэдэнт: іншыя ўрады, уключаючы ЗША, Кітай, Расію, таксама могуць запатрабаваць сабе такі ж доступ. Гэта паставіць пад пагрозу бяспеку даных карыстальнікаў па ўсім свеце.
Чытайце таксама:
Расказваем, як абараніцца ад Pegasus і іншых вірусаў, якія могуць рассылаць спецслужбы