БЕЛ Ł РУС

Сталі вядомыя важныя ўмовы для мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай

18.02.2025 / 16:12

Nashaniva.com

Абноўлена

Сёння ў Эр-Рыядзе прайшлі перамовы паміж Расіяй і ЗША. Бакі дамовіліся на стварэнне працоўных груп па вайне ва Украіне і далейшае супрацоўніцтва.

РФ і ЗША прапануюць трохступенны мірны план, які ўключае спыненне агню, выбары ва Украіне, а затым падпісанне канчатковага мірнага пагаднення, паведамляе Fox News па спасылкай на крыніцы.

Па інфармацыі выдання, Трамп і Пуцін лічаць шанцы на перавыбранне Зяленскага нізкімі. Па словах кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова, інфармацыя пра «трохступенны мірны план» — фэйк.

Акрамя таго, дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што Расія і ЗША дамовіліся аднавіць ранейшую колькасць штата амбасадаў у Маскве і Вашынгтоне, піша Associated Press.

Пазней прэс-служба Белага дома паведаміла, што ўдзельнікі сустрэчы дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве, стварэнні працоўных груп па спыненні вайны і стварэнні механізма для будучых кансультацый.

«Аднаго тэлефоннага званка, за якім ідзе адна сустрэча, недастаткова для ўстанаўлення трывалага міру. Мы павінны дзейнічаць, і сёння мы зрабілі важны крок наперад», — сказана ў заяве.

Перамовы Расіі і ЗША пачаліся раніцай 18 лютага. Прадстаўнікоў Украіны на іх не было. Амерыканскі бок прадстаўлялі дзяржсакратар Марка Рубіа, саветнік па нацбяспецы Майк Уолтц і спецпасланнік па пытаннях Блізкага Усходу Стыў Уіткаф.

Ад Расіі прысутнічалі кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, знешнепалітычны саветнік Пуціна Юрый Ушакоў і кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула