Як адрэагавала беларускае грамадства і прапагандысты на сварку Трампа і Зяленскага
Сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Вэнсам у Белым доме ў пятніцу перарасла ў спрэчку на павышаных тонах, што многіх шакавала. «Наша Ніва» сабрала рэакцыі беларускага грамадства і прапаганды.
Сустрэча Зяленскага і Трампа. Фота: Andrew Harnik/Getty Images
Палітык Павел Латушка
Павел Латушка выказаў словы падтрымкі ўкраінскаму народу і Уладзіміру Зяленскаму.
«Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму не патрэбна дапамога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, каб аддаць Расіі акупаваныя тэрыторыі Украіны, скараціць войскі, адмовіцца ад уступлення ў НАТА і дэнацыяналізаваць Украіну. Калі ў яго было б жаданне капітуляваць, то ён бы паехаў у Маскву, а не ў Вашынгтон», — напісаў Павел Латушка.
Палітолаг Аляксандр Фрыдман
«Гарачая спрэчка паміж Зяленскім, Трампам і Вэнсам паказала, што ў вашынгтонскім свеце здзелак няма месца гонару і чалавечай годнасці, якія адстойвае Украіна з самага пачатку вайны. Зяленскаму трэба аддаць належнае: ад сваёй пазіцыі ён не адступае нават у самых цяжкіх сітуацыях. Гонар не прадаецца», — напісаў палітолаг Аляксандр Фрыдман.
Былы дыпламат Валер Кавалеўскі
«Мая поўная падтрымка прэзідэнту Украіны Зяленскаму. Ён прэзідэнт ваеннага часу, які прадстаўляе і вядзе ўкраінскі народ у яго барацьбе за існаванне сваёй нацыі. Як і народ Украіны, ён заслугоўвае павагі, у той час як ЗША маюць палітычныя абавязацельствы і абавязацельствы ў галіне бяспекі.
Усе вочы цяпер скіраваныя на Еўропу. Мы павінны дапамагчы Украіне абараніцца і перамагчы Расію», — напісаў былы дыпламат Валер Кавалеўскі.
Комік Міхась Ільін
«Сёння ў Белым доме можна было пабачыць дыктатара. Заўтра таксама можна будзе. І паслязаўтра», — напісаў комік Міхась Ільін.
Дыпламат Павел Слюнькін
«Урок, які засвоілі беларусы за апошнія пяць гадоў. Гэта будзе карысна для маіх еўрапейскіх і амерыканскіх сяброў, якія ўвесь час пытаюцца: «Дзе дно?!» Дна няма. Рыхтуйцеся — будзе толькі горш. І горш. І горш».
Бізнэсовец і мецэнат Павел Падкарытаў
«Крытыкі Зяленскага мяркуюць (альбо робяць выгляд, што мяркуюць), што ўчора Зяленскі абіраў паміж мірам і вайной для Украіны. Гэта зусім не так. Ён нават не абіраў паміж вайной і ганьбой. Вайну для Украіны абраў Пуцін яшчэ 11 гадоў таму, калі Зяленскі плясаў на сцэне.
Зяленскаму ў Белым доме ўчора прапанавалі толькі ганьбу. У гэтым і заключаецца план Трампа, узгоднены з Пуціным — прымусіць Зяленскага прыняць ганьбу капітуляцыі, — выказаўся бізнэсмен і мецэнат Павел Падкарытаў. —
Правільна сказаў Цімаці Снайдэр: сэнс 2025 года вызначаецца не тым, што скажа Амерыка, а тым, што зробіць Еўропа».
Палітолаг Роза Турарбекава
«Ваша несумнеўная ахвяра, права на абарону сваёй краіны і сваіх людзей з'яўляюцца бясспрэчнымі. Расія напала на Украіну. Пуцін з'яўляецца злачынцам супраць чалавечнасці. Усіх і кожнага абдымаю. Сваіх украінскіх родных і сяброў!» — напісала Роза Турарбекава.
Доктар Андрэй Белавешкін
«Маё шчырае захапленне і глыбокая павага годнасці і стойкасцю!» — напісаў доктар Белавешкін пра Уладзіміра Зяленскага.
Былая старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Таццяна Процька
«Паглядзела першую (і як высветлілася, апошнюю) частку прамой публічнай трансляцыі гутаркі (?!) Зяленскага, Трампа і Вэнса. Такога відовішча не тое, што ніколі не бачыла, але і ўявіць сабе не магла. Не ўдаючыся ў змест сказанага.
1. Заўсёды — выбары прайшлі і што было ў працэсе выбараў забыта. І Трамп, і Вэнс увесь час успаміналі вельмі нядобрым словам Байдэна. Мне было ніякавата і часам сорамна гэта чуць.
2. Вэнс (ён, уяўляецца, галоўная фігура!) з падтрымкай Трампа спрабаваў эмацыйна знішчыць Зяленскага. Два супраць аднаго! З выкарыстаннем, я б сказала, забароненых прыёмаў тыпу «без нас вы не маеце ніякіх карт на руках». Гэта было несумленна і агідна.
3. Зяленскі трымаўся. Я ўяўляла сябе на яго месцы — зведаць прыніжэнне тваёй краіны і [цябе] асабіста, немагчымасць сказаць нават не ў абарону, а па сутнасці пытання. І адказнасць за наступствы.
4. Ніколі з рашэння пытанняў вайны і міру не рабілі шоу.
Куды коціцца свет? Мне вельмі страшна», — напісала яна.
Праўладны тэлеграм-канал «Графач», звязаны з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым
«Трамп і ўвесь мір пераканаўся, хто насамрэч недагавораздольны і хоча вайны. Жаласныя спробы еўрапейскіх жоўтых СМІ ў свой бок інтэрпрэтаваць падзеі ў Белым доме — займеюць толькі зваротны эфект на еўраабывацеля».
Прапагандыст Аляксей Дзермант
«Хамства Зяленскага больш дакладна афармляе раскол паміж ЗША і ЕС. Еўрапейскія лідары дэманстратыўна выказваюць падтрымку менавіта ўкраінскаму боку. Пакуль за Трампа толькі Орбан, магчыма, яшчэ Мелоні. Еўрапейцы разумеюць, што перамір'е на Украіне на ўмовах Трампа — гэта іх параза, параза праекта еўрапейскай экспансіі на Усход, якая небяспечна ўдарам па ўсёй канструкцыі ЕС. Яны будуць спрабаваць працягваць вайну. Цяпер вельмі верагодна небяспечнае абвастрэнне канфлікту», — напісаў Аляксей Дзермант.
Тэлеграм-канал «Белорусский силовик»
Чытайце таксама:
Трамп можа скасаваць усю дапамогу Украіне
Самалёт Зяленскага ляціць у Лондан
Трамп: Зяленскі вельмі моцна пераацаніў свае магчымасці
Зяленскі не стаў выбачацца за публічную звадку з Трампам і Вэнсам