Літоўскага палітыка-папуліста запрасілі ў ЗША на сустрэчу з Маскам. Тое, што гэта развод, ён зразумеў толькі ў аэрапорце
Лідар папулісцкай літоўскай партыі «Нёманская зара» Рэмігіюс Жамайтайціс трапіў у непрыемную гісторыю. Ён паверыў, што яго з жонкай запрасілі на сустрэчу з прадстаўнікамі Дэпартамента эфектыўнасці ўрада ЗША (DOGE), аднак у аэрапорце даведаўся, што квіткі на самалёт, якія ён атрымаў — ліпавыя, піша Delfi.lt.
Рэмігіюс Жэмайтайціс. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis
«Некалькі тыдняў таму з нашай камандай звязаўся Раян Рэйдэл з DOGE і сказаў, што ён — чалавек з каманды Ілана Маска. Два тыдні ішла перапіска, абмен інфармацыяй, затым нас запрасілі ў ЗША на сустрэчу з іх камандай. Мэта сустрэчы — атрыманне інфармацыі, сабранай Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці. Аднак сёння, калі мы прыехалі ў аэрапорт, высветлілася, што гэта падман мясцовых літоўцаў. Квіткі фальшывыя!», — абураецца Жамайтайціс.
З-за гэтага яму «давялося вяртацца назад на працу».
Таксама палітык апублікаваў у сацыяльных сетках скрыншоты, на якіх нібыта бачныя лісты, адпраўленыя Раянам Рэйдэлам з ягонай асабістай электроннай пошты. У іх сцвярджаецца, што супрацоўнікі пасольства ЗША ў Літве перадалі ягоны ліст Ілану Маску ў Агенцтва міжнароднага развіцця.
У пачатку лютага Жамайтайціс сапраўды напісаў ліст у адміністрацыю ЗША з просьбай даць інфармацыю пра няўрадавыя арганізацыі ў Літве, якія атрымлівалі дапамогу ЗША. Палітык запэўніваў, што Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці нібыта аказвае ўплыў на ўнутраную палітыку Літвы.
«Пасольства ЗША ў Літве звярнула нашу ўвагу на ліст, які вы нядаўна адправілі спадару І. Маску з нагоды фінансавання USAID і яго магчымага ўплыву на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Літве. Хоць я і пішу вам пакуль неафіцыйна, мая мэта — сабраць дадатковую інфармацыю для падрыхтоўкі афіцыйнага адказу, таму пішу са сваёй асабістай электроннай пошты і ласкава прашу цяпер не дзяліцца са сродкамі масавай інфармацыі нашай перапіскай», — гаворыцца ў электронным лісце, адрасаваным Жамайтайцісу.
«Быў бы ўдзячны за Ваша меркаванне з гэтай нагоды і хацеў бы даведацца пра магчымасць асабістай сустрэчы для больш дакладнага абмеркавання гэтага пытання. У залежнасці ад вашых магчымасцяў мы можам арганізаваць сустрэчу ў ЗША ці з нашымі прадстаўнікамі ў пасольстве ЗША ў Літве.
Наш дэпартамент асабліва зацікаўлены ў атрыманні дадатковай інфармацыі пра выкарыстанне USAID сродкаў, паколькі гэтая інфармацыя мае вырашальнае значэнне для ацэнкі будучага лёсу агенцтва. Мы будзем радыя прыняць вас у ЗША для больш падрабязнай гутаркі, і DOGE гатовы пакрыць вашыя транспартныя выдаткі», — падкрэсліваецца ў ім.
У іншым лісце да Жамайтайціса прыкладаюцца дакументы пра браніраванне авіябілета і гатэля і адзначаецца, што яму нібыта забраніраваны рэйс першага класа авіякампаніі Turkish Airlines.
Правапапулісцкую партыю «Нёманская зара» Рэмігіюс Жамайтайціс заснаваў у лістападзе 2023 года. На апошніх парламенцкіх выбарах яна дабілася вялікага поспеху, атрымаўшы каля 15% галасоў выбаршчыкаў і правёўшы ў Сейм 19 дэпутатаў са 141. Гэта быў трэці вынік з усіх палітычных сілаў, і сацыял-дэмакраты, якія перамаглі на выбарах, былі вымушаныя запрасіць «Нёманскую зару» ва ўрадавую кааліцыю».
Жамайтайціс раней неаднаразова трапляў у скандалы, звязаныя з ягонымі выказваннямі, якія трактаваліся як антысеміцкія, таксама ён невыразна выказваўся адносна анексіі Расіяй Крыма. У інтэрв'ю, узятым летась незадоўга да выбараў, ён станоўча выказваўся адносна перспектыў аднаўлення эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.
Чытайце таксама:
Сейм Літвы абраў спікера Сейма. Якое ягонае стаўленне да Беларусі
Лукашэнкафэрштэеры не прайшлі ў парламент Літвы
«Зара над Нёманам» мае стаць вялікім сюрпрызам выбараў у Літве
Кандыдат, што праводзіў прарасійскія наратывы, перамог у раёнах Літвы, якія мяжуюць з Беларуссю