БЕЛ Ł РУС

Дзяржсакратар Рубіа: Спыненне вайны ва Украіне запатрабуе саступак з абодвух бакоў

6.03.2025 / 12:36

Nashaniva.com

У інтэрв'ю Fox News галоўны амерыканскі дыпламат падкрэсліў, што толькі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа зрабіць магчымымі перамовы паміж Масквой і Кіевам.

Марка Рубіа. Фота: Alex Brandon / AP

Вайна ва Украіне павінна быць завершана, аднак спыненне баявых дзеянняў запатрабуе саступак як ад Расіі, так і ад Украіны, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа ў размове з журналістам Шонам Хэніці, паведамляе «Голас Амерыкі».

Кіраўнік Дзярждэпартамента адзначыў, што паводле меркавання Дональда Трампа, канфлікт зайшоў у тупік, і ніхто не мае канкрэтнага плана яго завяршэння.

Рубіа ахарактарызаваў сітуацыю як проксі-вайну паміж дзвюма ядзернымі дзяржавамі — ЗША, якія падтрымліваюць Украіну, і Расіяй. «Гэта павінна скончыцца», — заявіў Рубіа.

Дзяржсакратар таксама пракаментаваў сустрэчу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і ўкраінскага лідара Уладзіміра Зяленскага ў Белым доме ў мінулую пятніцу.

«Мы павінны ўцягнуць абодва бакі — расіян і ўкраінцаў. І мы папрасілі ўкраінцаў не сабатаваць гэты працэс», — падкрэсліў Рубіа.

Ён адзначыў, што прычынай напружанасці стала рэакцыя Зяленскага на заяву віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса аб неабходнасці дыпламатычнага рашэння.

«Калі віцэ-прэзідэнт [Джэй Дзі Вэнс] падкрэсліў, што для развязання канфлікту патрэбна дыпламатыя, Зяленскі вырашыў аспрэчыць гэта, па сутнасці падрываючы план прэзідэнта», — заявіў Рубіа.

Паводле яго, менавіта гэта прывяло да спрэчкі паміж Трампам і Зяленскім. Аднак дзяржсакратар падкрэсліў, што пасля сустрэчы пазіцыя Украіны была перагледжана.

Рубіа нагадаў, што за апошнія два тыдні Вашынгтон правёў сустрэчы з Масквой, каб высветліць, ці гатова расійскае кіраўніцтва абмяркоўваць завяршэнне вайны.

«Іх адказ быў: «Мы зацікаўлены ў размове пра гэта». Цяпер нам трэба працягваць працу», — адзначыў ён.

Дзяржсакратар выказаў шкадаванне, што другі бок — Украіна — пакуль не праявіла адкрытасці да перамоў.

Журналіст Шон Хэніці запытаўся, ці будзе дамова па карысных выкапнях першым этапам урэгулявання, пасля якога адбудзецца спыненне агню.

«Ва ўкраінцаў будуць свае патрабаванні, у расіян — свае. Нам трэба зразумець, наколькі яны далёкія ад адзін аднаго. Тут і пачынаецца дыпламатыя», — адказаў Рубіа.

Ён таксама правёў паралель з сітуацыяй у Газе, дзе прагрэс у мірных перамовах паміж Ізраілем і ХАМАС быў дасягнуты дзякуючы «напружанай дыпламатычнай працы».

Чытайце таксама:

Крэмль назваў умову для пачатку перамоў з ЗША па Украіне

Рубіа: Прэзідэнт ЗША — адзіны, хто можа пасадзіць Пуціна за стол перамоваў

Кіраўнік Дзярждэпа: Зяленскі павінен выбачыцца за тое, што ператварыў перамовы ў фіяска

Каментары да артыкула