БЕЛ Ł РУС

Траюрадная сястра Уэйна Грэцкі са Свіслачы расказала пра падарунак ад легендарнага канадца і што падарыла яму ў адказ

8.04.2025 / 11:59

Nashaniva.com

Траюрадная сястра канадскага хакеіста беларускага паходжання Уэйна Грэцкі Галіна Салдаценкава, якая жыве ў горадзе Свіслач Гродзенскай вобласці, паведаміла, што запрашала канадскіх сваякоў у госці на гістарычную радзіму, але адказу не атрымала, піша «Беларускі хакей».

Аляксандр Авечкін і Уэйн Грэцкі. Фота: nhl.com

Дзед Грэцкі Цярэнцій родам з Беларусі, разам з жонкай і сынам Зіноўем у пачатку XX стагоддзя выехаў у Канаду. Пазней ягоная жонка з дзецьмі вярнулася на радзіму, а дзед будучага хакеіста застаўся ў Канадзе зарабляць далей. Уз’яднацца сям’і ўжо не атрымалася. Цярэнцій Грэцкі пасля стварыў новую сям’ю, у якой нарадзіўся бацька Уэйна Грэцкі. Галіна Зіноўеўна Салдаценкава, у дзявоцтве Грэцкая, — унучка Цярэнція Грэцкі.

— Сустрэлася ў 2010 годзе (з Уэйнам Грэцкі, які ў якасці госця прыязджаў у Мінск на матч зорак КХЛ). Праз перакладчыка асабліва не паразмаўляеш… Асабліва першы раз. Я сказала, што вельмі шкада, што мы дзеда не бачылі, а ён хоць асабіста бачыў і можа нешта пра яго расказаць. Грэцкі коратка расказаў.

Ён жа нам дзве пляшкі віна ў Мінску падарыў. Гэтыя бутэлькі ў нас дагэтуль захоўваюцца. Я кажу дзецям: «Давайце хаця б паспрабуем. Гэта ж 15 гадоў ужо тым бутэлькам».

У маёй сям’і былі лісты ад дзядулі з Канады. Шмат было яго фатаграфій з новай сям’ёй. І яны, унукі. Ён на ганку свайго дома. Але ўсё згарэла, калі ў мамы, у нашым бацькоўскім доме, у 1984 годзе адбыўся пажар. Усё згарэла, я не паспела забраць… Я яму гэта ўсё распавядаю, а ён, напэўна, думаў: «Прыехалі тут пагрэцца». Падумаў, можа, што мы нешта хочам. А нам нічога не трэба. Было так цікава пераканацца, што ён сапраўды наш сваяк. Але ён і не адмаўляў гэтага.

Ці былі яшчэ нейкія кантакты пасля 2010 года? Не. Калі прыехалі з Мінска, я напісала ліст на імя бацькі Уэйна, распавяла, што была сустрэча ў Мінску, што паразмаўлялі, успаміналі (пра агульных сваякоў).

Запрасіла іх у госці, наведаць мясціны, дзе нарадзіўся дзед. Дзядулі ўжо тады не было ў жывых. Запрашала ўсіх, (пісала), што мы будзем рады. Але яны не адказалі.

Тады ўручыла хакеісту часопіс з артыкулам пра яго. Мая сваячка купіла ў Германіі гэты часопіс на англійскай мове. Я паказала яму, што мы цікавімся, чытаем пра яго. Ён аўтограф паставіў на ім. Мы нядоўга сустракаліся, хвілін 10—15. Было складана (знайсці час у графіку хакеіста). Мы на хаду збіраліся ў Мінск, нейкія падарункі, сувеніры прыхапілі, каб не з пустымі рукамі. Нам патэлефанавалі, сказалі хутчэй ехаць у Мінск, а то не паспеем.

Сувеніры? На хаду купіла ў Ваўкавыску сувеніры — нейкі дзед (фігурка) у нацыянальным беларускім адзенні, беларускія шакаладкі, вялікая каробка цукерак-асарці і нешта яшчэ.

Не было калі думаць, спяшаліся ў Мінск. Дрэнна, што тады на сустрэчы ў мяне не было ні фатаграфій, ні лістоў (ад дзеда). Так бы я паказала, і ўсё стала б зразумела, — цытуе Салдаценкаву РІА Спорт.

Салдаценкава дадала, што ў цэлым ёй было б цікава сустрэцца з канадскімі сваякамі, у тым ліку з Уэйнам Грэцкі. «Хто ведае… Можа быць, я не супраць», — сказала яна.

У той жа час жанчына падкрэсліла, што разумее: ва ўсіх ужо сваё жыццё, і цяжка падтрымліваць сувязі праз пакаленні. «У яго там свая сям’я. Чула, памёр яго бацька… Можа, думаю, было б цікава ўнукам (Салдценкавай) пазнаёміцца, кантакт з дзецьмі цёткі Олі (дачка дзеда Цярэнція ад першага шлюбу, якая засталася ў Канадзе і не з’ехала ў Беларусь) наладзіць», — дадала Салдаценкава.

У нядзелю расійскі хакеіст, форвард «Вашынгтон Кэпіталз» Аляксандр Авечкін у матчы супраць «Нью-Ёрк Айлендэрс» адзначыўся шайбай, якая стала для яго 895-й у кар’еры ў чэмпіянатах НХЛ. 39-гадовы расіянін стаў адзінаасобным рэкардсменам лігі, апярэдзіўшы канадца Уэйна Грэцкі.

Чытайце таксама:

Авечкін пабіў рэкорд Грэцкі па галах за кар'еру ў НХЛ

Уэйн Грэцкі пра свайго дзеда з-пад Брэста: Ён быў рускім і парадаваўся б за рэкорд Авечкіна

Невядомыя апаганілі статую Уэйна Грэцкі ў Эдмантане

Трамп жартам прапанаваў Уэйну Грэцкі балатавацца на пасаду прэм'ера Канады

Стала вядома дакладнае месца нараджэння дзеда Уэйна Грэцкі — і гэта не Гродзеншчына, як лічылася раней

Каментары да артыкула