БЕЛ Ł РУС

Сканчваецца легендарная антыўтопія пра ЗША. Што чакаць ад фіналу «Аповеду служанкі»

10.04.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Выходзіць апошні сезон знакамітай антыўтопіі «Аповеду служанкі» (The Handmaid’s Tale) пра таталітарную будучыню ЗША. «Наша Ніва» тлумачыць, чаму гэта выдатная нагода перагледзець сагу.

Джун Озбарн (Элізабет Мос). Фота: кадр з трэйлера

Усё пачалося ў 1985 годзе. Тады канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд выпусціла раман «Аповед служанкі» — гісторыю пра ЗША блізкай будучыні, дзе да ўлады прыйшлі рэлігійныя радыкалы-кансерватары.

Яны пераназвалі краіну ў гонар біблейскага рэгіёна Галаад і жорстка абмежавалі людзей у правах. Амерыка па Маргарэт Этвуд — месца, дзе лютуе грамадзянская вайна ды існуюць публічныя смяротныя пакаранні, а няшчасная каста жанчын-служанак выношвае дзяцей для заможных мужчын-камандораў.

Увогуле, жыццё ў Галаадзе нам раскрываюць вачыма жанчын. Ім у новай краіне забаронена чытаць і пісаць, не кажучы пра звычайную працу — застаюцца толькі «жаночыя» заняткі нашкталт садоўніцтва. І менавіта вачыма жанчын нам расказваюць, як ліберальная краіна ператварылася ў фундаменталісцкае пекла, дзе забаронена мастацтва, а вуліцы застаўленыя блакпостамі.

Як мы гэта дапусцілі — вось пытанне галоўнай гераіні, на якое няма адказу.

Аднайменны серыял па «Аповедзе служанкі» выйшаў у 2017-м, падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа. Хутка чырвонае адзенне служанак перакрочыла з тэлеэкранаў на вуліцы ЗША, а потым і іншых краін Захаду. Жанчыны апраналі яго на пратэсты па пытаннях, хоць нечым звязаных з жаночымі правамі. Яшчэ тады, у першы тэрмін Трампа, разыходзіліся плакаты з ім і Пуціным, дзе Трамп быў апрануты ў тое самае адзенне служанкі.

Фота: кадр з трэйлера

«Аповед служанкі» папярэджваў пра тое, як хутка можна страціць здабыткі дэмакратыі. Апошні сезон серыяла, які выходзіць цяпер, нагадвае пра гэта ў самы разгар новага тэрміну Дональда Трампа.

Мы зноў вяртаемся ў свет Джун Озбарн, былой служанкі. Тады, калі ЗША толькі ператвараліся ў Галаад, яна спрабавала збегчы з краіны разам з мужам і дачкой, але іх з дзяўчынкай затрымалі. Тагачасная Амерыка — свет, дзе шмат жанчын бясплодныя, але Джун гэта не закранула, і таму з яе робяць служанку.

За наступныя пяць сезонаў яна пройдзе шлях ад разгубленай маці, у якой забралі дзіця, да ваяркі, гатовай зладзіць супраціў цэламу рэжыму. Сёння Джун Озбарн з яе вогненным позіркам і адданасцю сапраўдным ідэалам — адна з самых яркіх гераінь на заходнім тэлебачанні. Нездарма Элізабет Мос, выканаўца ролі Джун, мае за гэтую працу ў кішэні галоўную тэлевізійную прэмію «Эмі» і намінацыю на «Залаты глобус».

Ад шостага сезона мы чакалі рэвалюцыі, і ў трэйлеры нам паказвалі кадры таго, як нараджаецца паўстанне. Але пачатак фінальнага сезона прыводзіць нас не на поле бою, а ў канадскі цягнік, які мы пакінулі ў канцы 5 сезона. Там сустракаюцца Джун і Серэна, жонка камандора Фрэда — у іх сям'і Джун некалі была служанкай. І гэта нездарма, бо «Аповед служанкі» даследуе не толькі таталітарны свет, але і дынаміку чалавечых адносін у ім, тое, як сябе паводзяць былыя ахвяра і катавальніца, калі ніводная з іх не мае перавагі.

Фота: кадр з трэйлера

Пакуль што выйшлі толькі тры серыі шостага сезона, але ўжо відаць, што серыял сыходзіць на высокай ноце. Таталітарны Галаад, ахутаны вайной, прадказальна мае праблемы ў эканоміцы, і лідары краіны вырашаюць стварыць палегчаную версію рэжыму, каб прадаць яе замежным палітыкам, а заадно і дамагчыся ад іх вяртання ўцекачоў — былых амерыканскіх грамадзян. Атрымліваецца больш паспяхова, чым хацелася б.

Далейшыя серыі пакажуць нам паўстанне ў Галаадзе, але на поўны хэпі-энд не варта спадзявацца. Рэч у тым, што Маргарэт Этвуд выпусціла ў 2019-м працяг «Аповеду служанкі» — раман «Запаветы» (The Testaments), і менавіта ў ім расказваюць, што будзе пасля Галаада. Гэты твор таксама хутка ператвораць у серыял, таму не чакаем, што дэмакратыя пераможа ў цяперашнім сезоне.

«Аповед служанкі» важны не магчымасцю хэпі-энда, а тым, як ён паказвае барацьбу за волю і адданасць ідэалам. Так, ён будзе бліжэй гледачам з феміністычнымі поглядамі, але ідэі, за якія змагаюцца Джун і кампанія, датычаць не толькі жанчын. «Аповед служанкі» паказвае, якой страшнай можа быць будучыня, калі здрадзіць гэтым ідэям, і як дорага можа каштаваць воля.

Чытайце таксама:

Серыял, які можа стаць адкрыццём года. Расказваем пра «Пераходны ўзрост»

Другі сезон «Раздзялення». Чаму Мінск — філіял пекла на Зямлі

Як выбраць фільм ці серыял на вечар? Сачыце за гэтымі рэсурсамі

Каментары да артыкула