«Гэта настолькі апаганіць святое!» Гледачы абураныя балетам у Вялікім тэатры, які паставіў запрошаны з Расіі балетмайстар
І просяць вярнуць на сцэну пастаноўку беларускага мэтра.
Вечар аднаактавых балетаў «Скокі». Фота: тэлеграм-канал опернага тэатра
Увечары пятніцы 11 красавіка ў оперным тэатры ў Мінску адбылася прэм'ера вечара аднаактавых балетаў «Скокі» («Балеро», «Скокі смерці», «Кармэн»), які расчараваў заўзятых сталічных тэатралаў.
Агульную думку пра пастаноўку адразу па заканчэнні дзейства выказала ў тыктоку карыстальніца пад нікам Olviraworld.
«Дарагі, шаноўны оперны тэатр і адміністрацыя тэатра. Толькі што выйшла з прэм’еры балета «Балеро. Кармэн». Скажу так: святое чапаць нельга. Гэтая пастаноўка так спаскудзіла музыку… Вярніце на сцэну пастаноўку Елізар’ева — «Балеро», «Кармэн-сюіта». Увесь партэр, прынамсі побач са мной, сядзеў і быў незадаволены. Гэта настолькі апаганіць святое! Елізар’еў — гэта маштаб, яго нельга чапаць. Балеты «Кармэн-сюіта» і «Карміна Бурана» — выдатная пара, вярніце іх на сцэну», — падзялілася ўражаннямі жанчына.
Яе падтрымалі каментатары, якія таксама пабывалі на прэм'еры:
«Дзякуй за адэкватную ацэнку — нас шмат. Гэта быў кашмар».
«Як вы далікатна падбіраеце словы. Ціхі крык душы».
«Учора таксама былі. Кармэн мяне дабіла».
«Так, водгукі ўжо пайшлі! Людзі ў шоку, у роспачы, што нашы дзеці бачаць гэту дзіч».
«Цалкам з вамі згодная! Балаган, па-іншаму назваць нельга!»
Вечар аднаактавых балетаў «Скокі». Фота: Sb.by
Вечар аднаактавых балетаў «Скокі». Фота: Sb.by
Каментатары адзначаюць, што пасля таго, як у маі 2024 года народны артыст Валянцін Елізар’еў пайшоў з пасады мастацкага кіраўніка опернага тэатра, тэатр зусім скаціўся.
«Жудасныя пастаноўкі, а якія пачварныя касцюмы і дэкарацыі — як з Алі-экспрэс»,
«У Вялікім адбываецца бязмежжа!!! Чаму Міністэрства культуры на гэта заплюшчвае вочы! Верх пошласці і безгустоўшчыны! Як жа мы раней ганарыліся нашым оперным!» — абураюцца гледачы.
Расчараваныя сваім тэатрам гледачы цяпер імкнуцца наведваць выключна гастрольныя пастаноўкі. Праўда, акрамя расійскіх тэатраў апошнія гады Беларусь мала хто наведвае.
Балетмайстар Ігар Колб на прэм'ерным паказе «Скокаў». Фота: тэлеграм-канал опернага тэатра
Балет «Скокі», які прыйшоўся не даспадобы беларусам, паставіў Ігар Колб, залужаны артыст Расіі, які быў запрошаны на пасаду галоўнага балетмайстра тэатра ў 2022 годзе, яшчэ пры Елізар'еве. Колб нарадзіўся і вучыўся ў Беларусі, але 26 гадоў прапрацаваў у пецярбургскім Марыінскім тэатры перад тым, як вярнуцца на Радзіму.
Дырыжорам-пастаноўшчыкам балета выступіў Арцём Макараў, народны артыст Рэспублікі Башкартастан, які стаў галоўным дырыжорам тэатра ў 2023 годзе.
Гэтая пасада была з 2020 года вакантнай. У той год, калі яшчэ пратэсты былі ў сваёй найвялікшай сіле, 24 жніўня галоўным дырыжорам быў прызначаны Вячаслаў Чарнуха-Воліч, але ўжо праз два дні, 26 жніўня, ён пакінуў пасаду па вельмі дзіўнай прычыне.
Вечар аднаактавых балетаў «Скокі». Фота: Sb.by
Калектыў тэатра, які ўдзельнічаў у пратэстах, зведаў пасля палітычныя чысткі. У тым ліку былі звольнены дырыжоры Андрэй Галанаў, Іван Касцяхін і Алег Лясун.
Як і іншыя беларускія тэатры, каб закрыць кадравыя пытанні, нармалізаваны оперны тэатр быў вымушаны пабірацца па гарадах Расіі — спецыялісты з іншых краін амаль недаступныя, а падрыхтаваць уласныя кадры беларуская сістэма аказалася няздольная.