БЕЛ Ł РУС

Хакеісты мінскага «Дынама» пасля трэніроўкі з Лукашэнкам двойчы запар бязвольна саступілі. Сёння з 3:0 да 3:4

14.04.2025 / 20:56

Nashaniva.com

5 красавіка стала вядома, што ў шостым матчы першага раўнда плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі гульцы мінскага «Дынама» на выездзе абыгралі хакеістаў маскоўскага ЦСКА з лікам 6:2 і такім чынам упершыню ў сваёй гісторыі прайшлі ў другі раўнд барацьбы за Кубак Гагарына. У новыя супернікі дастаўся чалябінскі «Трактар», але з ім справы пакуль ідуць не вельмі.

Пасля гістарычнай перамогі на хакеі прагназавана вырашыў папіярыцца Аляксандр Лукашэнка, перад стартам другога раўнду наведаўшы трэніроўку хакеістаў і сам стаўшы падчас яе на канькі. Таксама ён перадаў хакеістам падарункі з пачастункамі, якія нібыта даюць ім энергію і сілы: мёд, сала і хлеб, выраблены на конкурс.

Аднак жа пакуль гэтыя «крыніцы энергіі» калі і дапамагаюць, то не вельмі. Прынамсі, на ўвесь матч іх дакладна не хапае.

Першыя два матчы серыі прайшлі ў Чалябінску на лядовай арэне «Трактар» імя Валерыя Белавусава. 

У першым матчы 12 красавіка «Дынама» на апошняй хвіліне выпусціла з рук, здавалася б, ужо гарантаваную перамогу. Тады мінчукі прапусцілі тры шайбы менш чым за паўхвіліны, ведучы ў ліку 1:2. «Трактар» у выніку перамог з лікам 4:2. 

Сітуацыя паўтарылася і ў сённяшнім матчы. У ім беларусы вялі ў ліку 3:0, але ўрэшце згубілі перавагу і ў выніку прайгралі з лікам 3:4 у авертайме.

Цяпер «Трактар» вядзе ў серыі з лікам 2:0. Серыя ідзе да чатырох перамог адной з камандаў.

Наступныя два матчы адбудуцца ў Мінску 16 і 18 красавіка. Гэта падзея выклікала ў беларускай сталіцы квітковы ажыятаж.

Чытайце таксама:

У падаткавай перасцераглі ад продажу білетаў на хакейнае «Дынама»

У інтэрнэце перапрадаюць білеты на матчы хакейнага «Дынама» ў плэй-оф КХЛ. У разы даражэй

Чарга па квіткі на хакей на Мінск-арэну ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула