БЕЛ Ł РУС

Многім беларусам за мяжой пастаянна сніцца гэты кашмар. Што рабіць?

19.04.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Шмат каму з эмігрантаў сніцца: ты выпадкова трапляеш у Беларусь і мусіш уцякаць, бо там небяспечна. Што гэта за феномен?

Фота: Guido Mieth / Getty Images

Юрыстка Кацярына Дзяйкала расказвае, што часта бачыла падобныя сны першыя два гады эміграцыі:

«Быццам я прыязджаю ў Беларусь, пакуль там яшчэ ўсё не скончылася. І толькі там усведамляю, што не ведаю, як буду ехаць назад, як мяне цяпер выпусцяць. Гэта вельмі страшна. А калі прачынаешся і разумееш, што ты ў бяспецы — гэта пачуццё, якое ні з чым не параўнаць.

Часам снілася, што я ўцякаю, а за мной гоняцца і страляюць у спіну такія, проста як з кіно, фашысты. А нядаўна прыснілася мадыфікаваная версія — што я за мяжой выпадкова трапіла на тэрыторыю беларускага пасольства, і калі зразумела і стала выходзіць, перад мной замкнуліся дзверы. І гэта была паніка».

Але бываюць у Кацярыны і добрыя сны пра Беларусь. Яна згадвае сон пра Мінск, пра заліты сонцам праспект. Але гэты сон адрозніваецца і часам вяртання — у ім гаворка ішла ўжо пра дэмакратычную Беларусь.

Журналістка Вольга Арсеннева таксама часам бачыць сны пра ўцёкі з Беларусі.

«Я бачу сны, нібыта я зноў у Мінску. Але ж замест радасці, што зноў бачу родныя вуліцы, я адчуваю паніку — маўляў, як жа здарылася, што я апынулася там? Я не хачу ў турму, я не вытрымаю катаванняў, я хачу жыць! І як цяпер збегчы назад? І дзе мая дачка, я ж павінна яе таксама вывезці!

Нам з дачкой было вельмі складана з'язджаць з Беларусі. Ніхто, нават мая мама, не ведаў, што мы з'язджаем. Нам чамусьці адмовілі ў шэнгенскіх візах, і з краіны мы выязджалі з дапамогай «Байсола», за што дзякуй ім вялікі: калі б не гэта, я б ужо сядзела ў турме».

Вольга кажа, што пасля такіх сноў ёй цяжка супакоіцца, нават калі яна расплюшчвае вочы і бачыць, што знаходзіцца ў бяспецы.

«Калі вы і не бралі ўдзел у пратэстах, але былі моцна ўключаныя ў падзеі, вам могуць сніцца такія сны»

Псіхолаг Віялета Нікіцік разважае, што падзеі 2020-га, рэпрэсіі і эміграцыя — гэта ўсіхная беларуская траўма. Яна вельмі паўплывала на калектыўнае несвядомае беларусаў.

Такія перажыванні датычаць кожнага, хто лічыць сябе беларусам, чытаў пра пратэсты ці браў у іх удзел, кажа Віялета:

«Напрыклад, я ў жніўні 2020-га знаходзілася ў ЗША. Але, як і мае сябры, была ўключаная ў падзеі, мы чыталі навіны з Беларусі, глядзелі відэарэпартажы, і гэта на нас моцна паўплывала. Таму калі вы і не бралі ўдзел у пратэстах, але былі моцна ўключаныя ў падзеі, вам могуць сніцца такія сны.

Што азначае такі сон? Усё вельмі індывідуальна. Магчыма, гэта проста частка калектыўнага несвядомага. Таксама трэба ўлічваць, якія пачуцці былі ў чалавека падчас гэтага сну. Магчыма, такі сон — проста метафарычны адбітак гвалту ці змен, якія цяпер адбываюцца ў жыцці чалавека».

Фота: Getty Images

Сны — прадукт нашага несвядомага, спосаб паказаць нам тое, што мы не разумеем і не асэнсоўваем у нашым штодзённым жыцці, што мы выштурхоўваем у несвядомае. Магчыма, вам прысніўся такі сон, таму што вы шмат размаўлялі на звязаныя з ім тэмы ці зноў пачалі іх згадваць. Таксама такое можа сніцца на нейкія гадавіны, звязаныя з пратэстамі, на Дзень Волі.

Усё, што адбываецца ў вашым жыцці, можа сніцца праз зручныя для псіхікі вобразы, у тым ліку і вобразы з мінскіх пратэстаў. Напрыклад, сон з уцёкамі з Беларусі абазначае нейкае змаганне ў вашым жыцці — напрыклад, адбітак канфлікту на працы.

Важна, з якімі пачуццямі і эмоцыямі вы прачнуліся пасля гэтага сна:

«Гэта можа падказаць, што вы выштурхоўваеце ў несвядомае і што вяртаецца да вас праз сны. Можа, нехта недзе парушае мае межы, і я не магу сябе абараніць, і праз сон несвядомае спрабуе да мяне дагрукацца наконт гэтага, паказаць, што я нечага не заўважаю».

Мы не можам змяніць мінулае, яно проста будзе менш балець, кажа псіхолаг. І дакладна не трэба баяцца гэтых сноў. А найлепшы спосаб — проста падзяліцца такімі снамі з тымі, каму давяраеш: з сябрамі, партнёрам, калегамі, псіхолагам. Дарэчы, добры інструмент для аналізу сноў — ChatGPT, мае кліенты таксама пра яго кажуць», — адзначае псіхолаг.

Чытайце таксама:

«Важна не тое, чаго мы чакаем ад жыцця, а тое, чаго жыццё чакае ад нас». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як жыць і не ламацца

Што ўказвае на высокую рызыку суіцыду ў чалавека, які пра гэта кажа? Адказвае псіхіятр

Ці можа ChatGPT замяніць псіхолага. Вось наш эксперымент

Каментары да артыкула