Стала вядома, за колькі Raiffeisen прадаў Прыёрбанк
У справаздачнасці групы Raiffeisen за 2024 год адлюстраваныя вынікі продажу долі ў Прыёрбанку. З гэтых даных вынікае, што цана здзелкі склала 215 мільёнаў еўра пры агульным кошце банка па капітале ў 599 мільёнаў еўра, піша Myfin.by.
Ацэначна доля «Райфайзэн груп» у капітале Прыёрбанка — гэта 526 мільёнаў еўра (зыходзячы з пакета ў 87,74%). Гэта значыць, што беларускі актыў прадалі з дысконтам у 60%.
Беларускія аўдытары, апытаныя Myfin.by, называюць такі дысконт «экстрэмальным». Само па сабе тое, што банк прадаецца з дысконтам, — нармальна. Але для рэгіёну СНД усё ж рэдкасць, калі кошт банка ацэньваецца ніжэй, чым 0,5 уласнага капіталу.
Аднак жа, на думку крыніцы з інвестыцыйнага фонду, дысконт у 60 % цалкам адпавядае практыкам, якія склаліся на расійскім рынку ў адносінах да выхаду «недружалюбных» інвестараў, якія пажадалі пакінуць рынак. Так, цяпер дысконт вызначаны на ўзроўні 60% ад незалежнай ацэнкі актываў, пацверджанай экспертызай.
Акрамя таго, прадавец або купец павінен выплаціць у бюджэт 35%-ны падатак (адначасова або ў растэрміноўку) ад ацэначнага кошту актыву. У выпадку з продажам Прыёрбанка абмежаваліся, аднак, дысконтам у 60%.
29 лістапада мінулага года група Raiffeisen завяршыла продаж кампаніі Soven 1 Holding Limited 87,74% акцый АТ «Прыёрбанк», узгоднены ў верасні 2024 года. У сувязі з гэтым з кансалідаванага выніку групы выключаны як сам банк, так і яго даччыныя кампаніі — «Райфайзэн лізінг» і ТАА «Прыёрлайф».
Чытайце таксама:
Прыёрбанк летась атрымаў амаль шостую частку прыбытку ўсёй беларускай банкаўскай сістэмы
Стала вядома структура ўгоды па Прыёрбанку
Хто ўзначаліў назіральную раду Прыёрбанка пасля змены ўласніка
Raiffeisen Bank страціў ад продажу Прыёрбанка больш за 800 мільёнаў еўра