БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік МУС Польшчы выключыў адкрыццё пунктаў пропуску да змены палітыкі беларускіх уладаў

19.04.2025 / 10:2

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк выключае адкрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю да змены палітыкі Мінска і спынення міграцыйнага ціску. Пра гэта ён заявіў у суботу раніцай падчас візіту ў Баброўнікі, дзе размешчаны адзін з закрытых пунктаў, піша Reform.news.

Семоняк прызнаў, што закрыццё пунктаў пропуску [на беларуска-польскай мяжы дзейнічае адзін пункт пропуску для легкавога транспарту і аўтобусаў і асобны для грузавога — НН] аказвае негатыўны ўплыў на сацыяльнае і эканамічнае жыццё памежных рэгіёнаў. Ён адзначыў, што кіраўніцтва Падляскага ваяводства пры ўдзеле міністэрстваў распрацоўвае розныя крокі для падтрымкі мясцовых прадпрымальнікаў. Аднак, паводле яго слоў, адказ ляжыць у польска-беларускіх адносінах.

«Пакуль Беларусь будзе паводзіць сябе так у дачыненні да польскай дзяржавы, не бачу магчымасці, каб нешта ў гэтай сферы змянілася. Мы б хацелі, жадалі б, каб гэтыя пераходы былі адкрытыя, каб функцыянавалі нармальна. Але як пагадзіцца з тым, што з беларускага боку мы маем справу з выкарыстаннем мігрантаў, рэзананснымі сітуацыямі, нядаўна, калі службовец у форме кідае камяні ў нашых памежнікаў, у нашы машыны», — сказаў міністр.

Ён падкрэсліў, што ні ў каго няма ілюзій, што міграцыйны крызіс арганізаваны і падтрымліваецца Мінскам. Паводле яго слоў, на гэтым зарабляюць і кантрабандысты. Міністр адзначыў, што сёлета ўжо было затрымана больш за сто чалавек, датычных да кантрабанды людзей.

«Калі Беларусь захоча змяніць сваю палітыку, вядома, мы будзем выступаць за нармалізацыю гэтых адносін. Сёння нічога не сведчыць пра гэта, не кажучы ўжо пра знаходжанне ў зняволенні Анджэя Пачобута — прайшло ўжо пяць гадоў. Пакуль з боку Беларусі не будзе зменена палітыка, мы будзем надзейна ахоўваць нашу мяжу, і бяспека будзе прыярытэтам», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула