БЕЛ Ł РУС

«Пытанне закрытае». Кіт Келаг заявіў, што Украіна не стане членам НАТА

19.04.2025 / 22:15

Nashaniva.com

Украіна не стане членам НАТА, і пытанне яе ўступлення ў альянс з'яўляецца закрытым. Пра гэта ў эфіры Fox News заявіў Кіт Келаг — спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне.

Кіт Келаг. Фота: Siavosh Hosseini / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

«Мы выказаліся максімальна выразна: сяброўства ў НАТА — па-за абмеркаваннем. Украіна не ўвойдзе ў альянс. Гэта не навіна, мы гаворым пра гэта з 2008 года», — падкрэсліў Келаг.

Ён нагадаў, што яшчэ 17 гадоў таму тагачасны пасол ЗША ў Расіі Уільям Бёрнс папярэджваў дзяржаўнага сакратара Кандалізу Райс, што ідэя далучэння Украіны да НАТА з'яўляецца «недасяжнай мэтай».

Пра тое, што Украіне не суджана стаць часткай НАТА, раней неаднаразова заяўляў і сам Дональд Трамп. Паводле яго сцвярджэнняў, менавіта абяцанні папярэдняй адміністрацыі, у прыватнасці прэзідэнта Джо Байдэна, даць Кіеву гарантыі ўступлення ў альянс сталі адной з прычын пачатку расійскай агрэсіі. Гэтая рыторыка адпавядае ключавым тэзісам, якія Масква выкарыстоўвае для апраўдання ўварвання.

У той жа час Кіт Келаг мяркуе, што перамовы адносна заканчэння расійска-ўкраінскай вайны знаходзяцца «на добрым шляху», нягледзячы на словы дзяржаўнага сакратара Марка Рубіа пра тое, што ЗША могуць адмовіцца ад пасярэдніцтва.

«Я ад нараджэння аптыміст. Таму я веру, што мы дабяромся да патрэбнага месца. Словы [Рубіа] цяжкія, але яны павінны былі быць, таму што мы стаміліся ад таго, што адбываецца. У нас шмат іншых праблем у свеце», — патлумачыў Келаг.

Паводле яго слоў, рашэнне аб спыненні агню ў найбліжэйшыя тэрміны будзе абмяркоўвацца на наступным тыдні падчас сустрэчы амерыканскай, еўрапейскай і ўкраінскай дэлегацый у Лондане. Раней яно абмяркоўвалася на сустрэчы амерыканцаў і еўрапейцаў у Парыжы.

«І менавіта таму мы адпраўляемся ў Лондан на наступным тыдні, каб фактычна зафіксаваць гэта. І я думаю, што перад намі адкрываюцца велізарныя магчымасці», — сказаў Келаг.

Чытайце таксама:

Прадстаўнік Трампа абвергнуў публікацыю The Times пра падзел Украіны на манер пасляваеннага Берліна

Прадстаўніка Трампа Кіта Келага маглі адхіліць ад мірных перамоў на патрабаванне Расіі

«Гэта як біць асла палкай па носе». Кіт Келаг патлумачыў, навошта ЗША спынілі падтрымку Украіны

«Адважны лідар краіны, якая ваюе». Кіт Келаг пракаментаваў сустрэчу з Зяленскім

Хто такі Кіт Келаг, ад меркавання якога залежыць лёс міру ва Украіне

Каментары да артыкула