БЕЛ Ł РУС

Новыя дзіцячыя сады і паліклініка: што пабудуюць у Першамайскім раёне

20.04.2025 / 9:30

Nashaniva.com

Што пабудуюць, а што знясуць у 2025 годзе ў сталічным Першамайскім раёне, выданню «Мінск-Навіны» распавёў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Максім Сакалоў.

Жыллё

— У 2025-м мы плануем увесці ў эксплуатацыю дзевяць жылых дамоў агульнай плошчай каля 78 тыс. кв. м, — распавядае першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Максім Сакалоў. — Усе яны ўжо будуюцца, так што свае абавязацельствы перад мінчанамі разлічваем выканаць. Будзе завершана забудова ў межах вул. Валгаградскай — Наўгародскай, дзе засталося ўзвесці тры дамы. Яшчэ два з'явяцца ў квартале «Магістр» да 3 ліпеня. Таксама жыллё будуюць на вул. Ф. Скарыны, каля вайсковай часці № 3214 і на скрыжаванні вул. Акадэміка Купрэвіча і Праграмістаў.

Што да больш аддаленай перспектывы, то ў Першамайскім ёсць дзве буйныя пляцоўкі для ўзвядзення жылля ў бліжэйшыя пяць гадоў. Адна з іх — былая тэрыторыя электрамеханічнага завода «Агат», дзе прадугледжваецца пабудаваць 75 тыс. кв. м для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і шматдзетных сем'яў. Другая буйная пляцоўка — ва Уруччы, за будаўнічым рынкам. Там плануюць узвесці 100 тыс. кв. м жылля.

— Ужо вясной на гэтай тэрыторыі маюць намер прыступіць да зносу старых карпусоў і расчыстцы пляцоўкі. Працы ва Уруччы пачнуцца ў 2027 годзе, — удакладняе Сакалоў.

Паліклінікі

Фота: Мінскбуд

— У 2025-м мы сур'ёзна ўзяліся за ўстановы аховы здароўя, — кажа першы намеснік кіраўніка раённай адміністрацыі. — Так, на тэрыторыі Першамайскага знаходзілася паліклініка гарадскога анкалагічнага цэнтра, якая падлягала рэканструкцыі. Першая чарга работ прадугледжвала знос старога будынка. Яго завяршылі ў студзені. Другая чарга — гэта будаўніцтва новага корпуса. У сярэдзіне сакавіка на аб'екце пачаліся будаўніча-мантажныя работы. Падрадчык, Будтрэст №1, працуе хутка, падмуркавая пліта амаль гатовая. На месцы састарэлага збудавання з'явіцца новае — васьміпавярховае, плошчай 18 тыс. кв. м. У новай паліклініцы будзе памяшканне кафедры анкалогіі, навучальныя аўдыторыі, аддзяленні прамянёвай дыягностыкі, фізіятэрапеўтычнага лячэння, УГД-дыягностыкі, кансультатыўна-паліклінічнае і іншыя.

Яшчэ адзін важны медыцынскі аб'ект — паліклініка ў жылым раёне Усходні. Цяпер там вядуць фасадныя працы. Здаць аб'ект плануюць раней нарматыўных тэрмінаў — у 2025 годзе.

Навучальныя ўстановы

— Школ у раёне дастаткова, аднак дашкольных устаноў мала, — тлумачыць Сакалоў. — Таму два дзіцячыя садкі ўзводзяць ва Усходнім, дзе ў апошні час актыўна ішло жыллёвае будаўніцтва. У дзеючых садках месцаў не хапае, і гараджанам даводзіцца вазіць малых у іншыя раёны. Паводле прагнозу спецыялістаў, пасля ўводу ў эксплуатацыю новых дашкольных устаноў патрэбнасці Першамайскага будуць задаволены.

Абодва будынкі знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці, іх адкрыюць сёлета. Дзіцячы садок у межах вул. Фогеля — Гурцьева разлічаны на 230 месцаў, а размешчаны на вуліцы 50 гадоў Перамогі прыме 190 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Тым не менш пра школы ў Першамайскім не забываюцца. Цяпер у дзвюх з іх ідзе капітальны рамонт.

— Будынкі старыя, таму падчас работ узнікаюць праблемы, — адзначае Сакалоў. — Напрыклад, у СШ № 115 з'явіліся заўвагі па апорнай здольнасці некаторых канструкцый, што запатрабавала пэўных праектных рашэнняў і дадатковай экспертызы.

Аднак усе перашкоды паспяхова пераадоленыя. Цяпер паўнавартасна працуем на аб'екце і плануем цалкам завяршыць яго да 1 верасня.

Што прыбяруць

Яшчэ адна задача, якую даводзіцца вырашаць, — знос недабудаваных або старых неэксплутаваных будынкаў. Гэта і прызнанае аварыйным збудаванне ў Інструментальным завулку, і даўгабуд на вул. Курсанта Гвішыяні. Былы будынак УКБ Першамайскага раёна, які знаходзіўся ў Калінінградскім завулку, нядаўна знеслі.

— Па праекце на гэтым месцы не прадугледжана ўзвядзенне новых аб'ектаў. Будзе толькі зялёная зона, — паведамляе Сакалоў. — Ад грамадзян ужо паступаюць прапановы высадзіць там дрэвы і хмызнякі. Гэтыя пажаданні ўлічым. Гэтай вясной мы не паспеем заняцца азеляненнем, паколькі будынак знесены нядаўна і дакументы па аб'екце яшчэ афармляюцца. Таму работы запланаваны на восень. Мы маем намер запрасіць грамадзян узяць удзел у іх.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула