Есці павольна карысна для здароўя. Міф ці праўда?
Мы часта ядзім спехам, адцягваючыся на чытанне, прагляд фільмаў і карыстанне гаджэтамі. Аказваецца, гэта ўплывае не толькі на страваванне і з'яўленне лішніх кілаграмаў, але і на ўзровень стрэсу і пачуццё шчасця, сцвярджаюць навукоўцы.
Фота: vecteezy.com
Есці на хаду, з тэлефонам у руках і з вачыма ў серыяле — звыклая рэч. Але менавіта так мы шкодзім сабе: ад страўніка да настрою, піша ВВС.
Ці даводзілася вам адчуваць уздутасць, цяжар у жываце, а пасля яшчэ і драманне ці слабасць? Усё гэта можа быць вынікам звычайнай спешкі падчас абеду.
«Калі мы ядзім павольна, ежа лепш расшчапляецца. Гэта палягчае страваванне», — тлумачыць дыетолаг Лівія Хасэгава. «Я часта прыводжу сваім пацыентам простую аналогію: страўнік не мае зубоў — калі ежа паступае вялікімі кавалкамі, страваванне запавольваецца і становіцца менш эфектыўным».
20 хвілін — ключ да сытасці
Адчуванне насычэння не прыходзіць імгненна — трэба каля 20 хвілін, каб мозг зразумеў, што вы ўжо елі. Таму той, хто есць хутка, звычайна з’ядае больш, чым трэба. Лішак — ідзе «ў запас».
«Калі ежа праводзіць больш часу ў роце, актывуюцца сенсарныя сігналы, якія запускаюць страўнік і гармоны насычэння», — тлумачыць прафесар Сандэр Керстэн з Карнэлскага ўніверсітэта.
Пастаянная спешка — пастаянныя праблемы
Калі вы ясце хутка і штодня, наступствы не прымусяць чакаць: гастрыты, парушэнні мікрабіёту, што ўплывае на ўсю стрававальную сістэму. Далей — рызыка дыябету, атлусцення, праблемаў з ціскам, печанню і нават анкалогія.
Як сябе пераадолець
Лівія Хасэгава дае простыя парады:
адкладвайце відэлец пасля кожнага ўкусу, рабіце паўзы;
не ешце з тэлефонам, тэлевізарам ці ноўтбукам;
жуйце павольна, пакуль ежа не стане мяккай, амаль як кашыца;
маўчыце за сталом — гаворкі адцягваюць і часта правакуюць пераяданне;
ежа павінна быць асалодай, а не працэдурай «заправіцца». Гэта не мараль, а практыка здаровага жыцця.