БЕЛ Ł РУС

ЗША прапанавалі Кіеву прызнаць Крым расійскім і адмовіцца ад уступлення ў НАТА — WSJ

21.04.2025 / 8:9

Nashaniva.com

Адміністрацыя Дональда Трампа зрабіла шэраг прапаноў для заканчэння вайны ва Украіне, уключаючы прызнанне анексіі Крыму Расіяй і адмову Кіева ад перспектывы далучэння да НАТА. Кіеў мусіць адказаць на гэтыя ініцыятывы на сустрэчы ў Лондане на гэтым тыдні, піша WSJ. 

Спецыяльны пасланнік Трампа Стыў Уіткаф слухае дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа падчас сустрэчы з дэлегацыямі Францыі, Украіны, Германіі і Вялікабрытаніі ў Елісейскім палацы ў Парыжы, 17 красавіка 2025 г. Фота: Ludovic Marin, Pool Photo via AP

Паводле крыніц выдання, прадстаўнікі адміністрацыі Дональда Трампа сустрэліся з украінскімі і еўрапейскімі калегамі ў Парыжы, дзе прадставілі канфідэнцыйны дакумент з прапановамі для спынення канфлікту. Сярод прапаноў — магчымасць прызнання ЗША анексіі Крыму, выключэнне Украіны з планаў далучэння да НАТА, а таксама стварэнне нейтральнай зоны вакол Запарожскай АЭС пад кантролем ЗША.

Украінскі бок, у тым ліку кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак, міністр абароны Рустэм Умераў і міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга, узялі ўдзел у перамовах. Наступны раўнд дыскусій адбудзецца ў Лондане на гэтым тыдні, дзе чакаецца афіцыйны адказ Украіны.

Паводле дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа, калі прагрэс у перамовах не будзе дасягнуты цягам бліжэйшых тыдняў, Вашынгтон можа прыпыніць сваю дыпламатычную актыўнасць у гэтым кірунку. Ён падкрэсліў, што перададзены Кіеву дакумент — гэта спіс магчымых варыянтаў для абмеркавання, а не ўльтыматум.

Сярод іншых ініцыятыў — перадача Запарожскай АЭС пад кантроль ЗША і магчымасць яе выкарыстання для забеспячэння электраэнергіяй як падкантрольных Украіне тэрыторый, так і акупаваных Расіяй. Трамп таксама нібыта выказваў зацікаўленасць у набыцці ўкраінскіх энергетычных актываў.

Хоць гэтыя прапановы не задавальняюць патрабаванні Крамля (у прыватнасці, Расія патрабуе юрыдычнага прызнання чатырох акупаваных рэгіёнаў на ўсходзе Украіны), яны з’яўляюцца істотным адхіленнем ад пазіцыі ЗША, што захоўвалася цягам апошніх гадоў. Напрыклад, ЗША асуджалі анексію Крыма як пагрозу міжнароднаму праву.

ЗША пакуль не патрабуюць ад Украіны скараціць армію ці адмовіцца ад падтрымкі з боку Захаду. Аднак Кіеў сутыкаецца з жорсткім выбарам: ісці на кампрамісы ці рызыкаваць спыненнем падтрымкі з боку Вашынгтона.

Кіеў ужо заяўляў пра гатоўнасць разгледзець 30-дзённае спыненне агню пры ўмове ўзаемных дзеянняў з боку Масквы. Аднак украінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што Расія парушыла нават кароткі велікодны рэжым цішыні.

Пакуль не ясна, якія гарантыі бяспекі можа атрымаць Украіна ў выпадку заключэння міру. Адміністрацыя Трампа таксама не пацвердзіла, ці будзе яна падтрымліваць еўрапейскія краіны, што маглі б размясціць свае войскі ва Украіне для стрымлівання расійскай агрэсіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула