БЕЛ Ł РУС

Ці расце злачыннасць пасля прыезду імігрантаў? Праверылі на прыкладзе Польшчы

24.04.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Некаторыя беларусы панікуюць праз меркаваны прыезд 150 тысяч пакістанцаў — маўляў, такая масавая міграцыя паспрыяе росту злачынстваў. Праверылі на прыкладзе суседняй Польшчы, ці працуе такая логіка.

Фота: AP Photo / Hussein Ibrahim

На першы погляд, статыстыка несуцяшальная — з ростам іміграцыі ў Польшчы расце і колькасць злачынстваў. Напрыклад, у 2016 годзе ў краіне зарэгістравалі 4613 злачынстваў, здзейсненых замежнікамі. У наступныя некалькі гадоў іх колькасць моцна вырасла — у 2019-м зарэгістравалі 9236 злачынстваў з боку імігрантаў.

У 2020-м паказчык знізіўся да 8781 выпадка, што можна патлумачыць кавіднымі абмежаваннямі. Калі іх змякчылі, колькасць злачынстваў пачала расці, і ў 2021-м зарэгістравалі 10926 такіх выпадкаў.

У 2022-м, калі ў краіну масава прыбылі ўцекачы з Украіны, колькасць злачынстваў сярод замежнікаў яшчэ больш скокнула ўверх — да 15757 выпадкаў. У 2023-м палякі зарэгістравалі 17149 такіх выпадкаў, а па стане на першыя 10 месяцаў 2024-га такіх злачынстваў было 13315.

Сярод падазраваных па стане на 2023 год часцей за ўсё былі грамадзяне Украіны, Беларусі, Грузіі, Расіі, Афганістана і Індыі.

Здаецца, лічбы вялікія, але іх трэба разглядаць у кантэксце. Па-першае, колькасць імігрантаў, якія перабраліся ў Польшчу, у 2024-м была прыкладна ў 10 разоў большая, чым 10 гадоў таму, а колькасць злачынстваў сярод замежнікаў вырасла толькі ў 4-5 разоў. То-бок узровень злачыннасці сярод замежнікаў знізіўся прыкладна ў два разы.

Па-другое, цікава параўнаць колькасць злачынстваў ад эмігрантаў з агульнай колькасцю злачынстваў. У 2023-м польская паліцыя выявіла 560 тысяч злачынстваў.

Такім чынам імігранты складаюць 7% жыхароў Польшчы, але пры гэтым яны здзейснілі каля 3% ад агульнай колькасці злачынстваў. Атрымліваецца, узровень злачыннасці сярод імігрантаў меншы, чым сярод грамадзян Польшчы.

Што за злачынствамі замежнікаў у Беларусі?

Па гэтым пытанні ёсць статыстыка МУС за 2023 год.

Тады было зафіксавана 1148 такіх расследаваных злачынстваў (у 2022-м — 1224). Колькасць замежнікаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы, — 919. Іх удзельная вага ў агульнай структуры злачыннасці склала 2,5%.

Найбольшая колькасць крымінальных злачынстваў была здзейснена грамадзянамі Расіі (59,5%, 683 выпадкі). Далей ішлі грамадзяне Украіны (11,1%, 125 выпадкаў), Туркменістана (5,7%, 65 выпадкаў) і Казахстана (2,4%, 27 выпадкаў).

65,9% замежнікаў, якія здзейснілі злачынствы, не вучыліся і не працавалі.

Калі казаць пра адміністрацыйныя правапарушэнні замежнікаў, то іх у 2023-м было 164 079 выпадкаў. З іх большасць (145 302) — правапарушэнні супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту. У гэтай катэгорыі звычайна пераважаюць перавышэнні хуткасці.

Чытайце таксама:

Адкуль у Беларусь едзе больш за ўсё гастарбайтараў? Топ-20 краін — і Пакістана тут пакуль няма

«Чым пакістанцы ў Беларусі адрозніваюцца ад беларусаў у Польшчы?»

У Беларусі распаўсюджваецца правакатыўная суполка Dolgb у адказ на «прыезд 150 тысяч пакістанцаў». Што за яна?

Каментары да артыкула