Нікас Сафронаў падарыў Дар’і Домрачавай яе партрэт. Раней на замову Пуціна ён намаляваў Трампа
Самая зорная беларуская біятланістка Дар’я Домрачава даволі рэдка з’яўляецца ў інстаграме. Сёння яна зрабіла выключэнне, каб падзякаваць расійскаму мастаку Нікасу Сафронаву за свой партрэт.
Дар'я Домрачава. Скрыншот відэа ў яе інстаграме
У цэнтры кампазіцыі — сама Дар’я Домрачава. З мяккай паўусмешкай яна ўпэўнена глядзіць наперад. Твар біятланісткі быццам падсвечаны. Фон карціны шматслойны і насычаны сэнсамі. Гэта нібыта хроніка яе біятлоннай кар'еры: гонка на трасе, момант стральбы, перасячэнне фінішнай лініі і подыум Алімпіяды. Усё гэта выканана ў прыглушаных, амаль манахромных танах, якія кантрастуюць з яркасцю галоўнай выявы.
Партрэт Дар'і Домрачавай аўтарства Нікаса Сафронава
Дар’я з гонарам дэманструе карціну падпісчыкам у інстаграме. Яна перадае прывітанне мастаку — кажа, што толькі цяпер атрымала яго працу.
«Хачу падзякаваць вам за цікавую ідэю, за цудоўнае выкананне. Абавязкова знайду для яе годнае месца. І ў сваю чаргу хачу пажадаць вам далейшых творчых поспехаў, натхнення, і няхай новае надыходзячае сакавітае лета натхніць вас на такія ж яркія і сакавітыя работы».
Нікас Сафронаў — адзін з самых дарагіх і разрэкламаваных сучасных расійскіх мастакоў. Свой аўтарскі стыль ён называе Dream Vision. Сафронаў намаляваў шмат партрэтаў палітыкаў, у тым ліку і Уладзіміра Пуціна.
Нядаўна ён зрабіў і партрэт Дональда Трампа, які Пуцін перадаў у падарунак амерыканскаму прэзідэнту. Сам Сафронаў падтрымлівае палітыку расійскіх уладаў. Мастак, напрыклад, прапаноўваў свой варыянт пакарання для зорак, якія з'ехалі з Расіі, бо былі супраць вайны. Тых з іх, хто захоча вярнуцца на радзіму, Сафронаў прапаноўваў адпраўляць у манастыр «замольваць грахі».
Замовіць патрэт у Нікаса Сафронава могуць толькі заможныя людзі, бо цана яго карцін параўнальная з цаной на кватэры ў Мінску. Мастак бярэ за сваю працу ад 40 да 100 тысяч даляраў.
Чытайце таксама:
На трасе ў Раўбічах заўважылі мужа Дар'і Домрачавай ВІДЭА
Дар’ю Домрачаву з мужам заўважылі на свецкай тусоўцы ў Мінску ФОТЫ
Домрачава і Скардзіна далучыліся да чэленджу, каб сабраць грошы на рэабілітацыю дачкі Арзамасавай