У светлагорскіх сілавікоў на сцяне вісіць сапраўдны «іканастас» з партрэтамі чыноўнікаў ФОТАФАКТ
Крымінальна-выканаўчая інспекцыя мясцовага РАУС партрэтам Лукашэнкі вырашыла не абмяжоўвацца.
Фота: «Светлагорскія навіны»
У кабінеце крымінальна-выканаўчай інспекцыі Светлагорскага РАУС на сцяне вісіць сапраўдны «іканастас» з партрэтамі чыноўнікаў і сілавікоў, заўважыў «Флагшток».
У цэнтры кампазіцыі вялікая фатаграфія Лукашэнкі, а побач партрэты людзей, якія займаюць вышэйшыя пасады ў дзяржаве. На «іканастасе» знайшлося месца Наталлі Качанавай, Ігару Сяргеенку, Аляксандру Вальфовічу, Васілю Герасімаву і іншым. А па баках вісяць фатаграфіі міліцэйскага начальства.
Праўда, абнавіць кампазіцыю пакуль не паспелі. На сцяне, напрыклад, вісіць фота Паўла Калаўра, які ўжо не ўзначальвае Нацбанк. Няма там і партрэта новага прэм'ера Аляксандра Турчына.
Топ-чыноўнікі і сілавікі са сцяны сурова глядзяць, у тым ліку, на так званых «дармаедаў», як улады называюць беспрацоўных: у кабінеце з «іканастасам» праводзяцца паседжанні камісіі па садзейнічанню занятасці.