Маскоўскі суд арыштаваў актывы выдаўца гульні «Свет танкаў»
Таганскі суд Масквы арыштаваў тры асноўныя юрыдычныя асобы кампаніі-распрацоўшчыка гульняў «Леста игры». Інфармацыю пра гэта выявіла выданне РБК у базе даных выканаўчых вытворчасцяў Федэральнай службы судовых прыставаў.
Калаж: lesta.ru
Арышт наклалі 17 красавіка на ТАА «Леста», ТАА «Леста Геймс Масква» і ТАА «Леста Геймс Эджэнсі». Як вынікае з інфармацыі, змешчанай у базе, пазоўнікам па справе выступае Генпракуратура Расіі.
Прычыны арышту і іншыя падрабязнасці справы не раскрываюцца.
«Леста игры» — санкт-пецярбургская студыя гульняў, якая кіруе ў Расіі праектамі «Свет танкаў», «Свет караблёў» і Tanks Blitz.
Раней яна ўваходзіла ў склад кампаніі Wargaming беларускага бізнэсмена Віктара Кіслага, якая распрацоўвае шматкарыстальніцкія анлайн-гульні World Of Tanks, World of Warships, Order Of War і іншыя.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Wargaming абвясціла, што больш не будзе валодаць або кіраваць бізнэсам у Расіі і Беларусі і пакіне абедзве краіны. Гульнявы бізнэс у гэтых краінах перайшоў пад кіраванне «Леста игры», якая пераназвала гульні World Of Tanks, World of Warships, WoT Blitz ў «Свет танкаў», «Свет караблёў» і «Tanks Blitz».
Чытайце таксама:
Шпакоўскі пра саўладальніка «Варгеймінга» Кацалапава: Прафінансаваў пратэсты на 296 тысяч даляраў
Wargaming прадаў кампаніі ў Беларусі і Расіі расійскаму бізнэсмену