Вялікабрытанія можа адмовіцца ад адпраўкі міратворцаў ва Украіну з-за рызыкі вайны з Расіяй
Вялікабрытанія і шэраг еўрапейскіх краін, хутчэй за ўсё, адмовяцца ад плана накіраваць дзясяткі тысяч салдат ва Украіну ў рамках міжнароднай міратворчай місіі. Як паведамляе The Times са спасылкай на дыпламатычную крыніцу, якая ўдзельнічае ў перамовах «кааліцыі ахвотных», асноўнай прычынай гэтага сталі асцярогі, што прысутнасць замежных войскаў можа прывесці да прамой канфрантацыі з Расіяй у выпадку парушэння рэжыму спынення агню.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер выступае падчас наведвання вайсковай базы на захадзе Англіі, на якой праходзяць падрыхтоўку ўкраінскія вайскоўцы. 22 красавіка 2025 года. Фота: Finnbarr Webster/Getty Images
«Рызыкі занадта высокія, а даступныя сілы не адпавядаюць маштабу задачы. Брытанія заўсёды займала такую пазіцыю. Больш цвёрды падыход прапаноўвала Францыя», — расказаў дыпламат на ўмовах ананімнасці.
Паводле інфармацыі выдання, у Лондане і іншых еўрапейскіх сталіцах цяпер сур'ёзна разглядаецца альтэрнатыўны сцэнар, пры якім заходнія вайскоўцы не будуць размешчаныя на ўкраінскай тэрыторыі для аховы гарадоў, партоў і ядзерных аб'ектаў.
Шэраг еўрапейскіх лідараў мяркуюць, што дэманстратыўнае ўстрыманне ад уводу сухапутных войскаў можа прымусіць Маскву перагледзець уласныя «чырвоныя лініі» і паспрыяць заключэнню мірнага пагаднення.
Замест паўнавартаснага кантынгенту Брытанія і Францыя, як мяркуецца, накіруюць на захад Украіны вайсковых інструктараў. Гэта дазволіць фармальна выканаць абавязацельствы па прысутнасці на ўкраінскай тэрыторыі, але без прамога ўдзелу ў баявых дзеяннях, у выпадку іх аднаўлення, і без размяшчэння паблізу лініі фронту.
Таксама еўрапейскія дзяржавы працягваюць абмяркоўваць магчымасць абароны паветранай прасторы Украіны з дапамогай знішчальнікаў і сістэм СПА — з мэтай забяспечыць прыкрыццё міратворцаў, калі такія ўсё ж будуць размешчаныя. Магчыма, у будучай місіі прыме ўдзел і Турцыя — у ролі марскога партнёра. Акрамя таго, Брытанія і яе саюзнікі па-ранейшаму маюць намер аказваць Украіне вайсковую падтрымку пастаўкамі ўзбраенняў, каб умацаваць яе абаронны патэнцыял.
У ЕС, як расказала крыніца, асцерагаюцца, што маштабная прысутнасць войскаў ва Украіне падарве магчымасці Вялікабрытаніі і іншых краін для гарантавання бяспекі ўсходняга флангу НАТА.
Лондан і Парыж у рамках намаганняў па спыненні агню разглядаюць ідэю арганізаваць сустрэчу Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага адразу пасля пахавання Папы Рымскага Францішка, паколькі такі крок мог бы знізіць напружанасць і паскорыць перамоўны працэс.
У Кіеве, паводле даных The Times, таксама захоўваецца скепсіс адносна ідэі ўводу міратворчых сіл: украінскія чыноўнікі не вераць, што Уладзімір Пуцін пагодзіцца на іх прысутнасць. Адна з крыніц адзначыла:
«Мы працягваем адстойваць сваю пазіцыю, але спадзяемся, што Масква перагледзіць свае «чырвоныя лініі». Цяпер перад намі стаіць задача — знайсці такую «зону высадкі», дзе Украіна не будзе вымушаная перакрочваць уласныя межы дапушчальнага».
Заходні дыпламат таксама заклікаў узмацніць ціск на Расію і выказаў занепакоенасць тым, што Трамп праяўляе празмерную лаяльнасць да Крамля: «Ён ставіцца да Расеі цяплей, чым да Украіны — і гэта цалкам непрымальна».
Чытайце таксама:
Еўрасаюз папярэдзіў ЗША, што не прызнае Крым расійскім
ЗША прапанавалі Кіеву прызнаць Крым расійскім і адмовіцца ад уступлення ў НАТА — WSJ
Францыя і Вялікабрытанія адправяць ва Украіну сумесную вайсковую місію