БЕЛ Ł РУС

Прапаганда паказала ад’езд айцішнікаў з вакзала ў 2022 годзе, зняты схаванай камерай

26.04.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Прапагандыстка Ксенія Лебедзева кажа, што на цягнік айцішнікаў праводзіў топ-менеджар EPAM Андрэй Шубадзёраў.

Чыгуначны вакзал Мінска. 4 сакавіка 2022 года. Скрын відэа: news.by_btrc / YouTube

Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» выпусціў сюжэт «Беларускі код», у якім паказаў знятыя схаванай камерай кадры ад'езду айцішнікаў з чыгуначнага вакзала Мінска 4 сакавіка 2022 года — на дзявяты дзень пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

На першым фрагменце відаць вялікая група людзей, што стаяць на платформе каля цягніка, на які адбываецца пасадка. Мужчынскі голас за кадрам дае апошнія настаўленні. Пры гэтым самога выступоўцы не відаць. Здымкі вядуцца на адлегласці. 

Мужчына супакойвае людзей, абяцае, што іх па прыездзе сустрэнуць, і запэўнівае, што ўмовы як працы, так і жыцця ў краіне іх рэлакацыі лепшыя, чым у Беларусі. Пры гэтым назва краіны не гучыць.

«Самае галоўнае — вас сустрэнуць. Ёсць такое паняцце там, як IT Парк. Гэта падобна да нашага ПВТ, але непараўнальна лепш з пункту гледжання стаўлення да людзей і ўсяго астатняга. Ніякай прапаганды.

Узровень жыцця там для вас зручнейшы, чым тут. Цэны там на прадукты і на ўсё астатняе значна меншыя. Порцыю плову, даражэйшую за 5 даляраў, вы не знойдзеце.

Наступнае. Вельмі важна, каб вы разумелі, мы вырашалі адну праблему — як туды завезці харошых спецыялістаў. Мы яе вырашалі, і вырашылі яе іншыя людзі.

Вы туды заязджаеце. Там цяпер вельмі актыўны, бурны рост IT-індустрыі. Галоўнае, што я хачу сказаць. Першае — пастарайцеся закахацца ў гэты горад. Тады вам будзе прасцей перажыць гэтую тугу па радзіме».

Прапагандыстка Ксенія Лебедзева кажа, што голас мужчыны належыць Андрэю Шубадзёраву. Ён займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара EPAM Systems у Беларусі

Андрэй Шубадзёраў (злева) на сустрэчы з кіраўніцтвам IT Парка Узбекістана. 22 студзеня 2022 года. Фота: it-park.uz

У мінулым Шубадзёраў — палкоўнік, начальнік вайсковага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр». Дагэтуль кіраваў рэдакцыяй сайта Міністэрства абароны. З падачы Шубадзёрава арганізоўвалі кібертурніры, каб папулярызаваць патрыятычнае выхаванне, быў створаны сумесны праект з кампаніяй Wargaming — «Блогеры ў войску».

У наступным фрагменце відэа ў кадры знаходзіцца невялікая група людзей сярод якіх і той, хто здымае схаванай камерай. Яны стаяць і размаўляюць на Прывакзальнай плошчы. Пры гэтым камера вышэй за іх плечы не здымае.

Шубадзёраў тлумачыць, што выязджаюць у асноўным выканаўцы ключавых праектаў. І робяць яны гэта не па сваёй волі. Пазней ён называе і краіну — Узбекістан:

«Выязджаюць у асноўным ключавыя праекты, у якіх уладальнікі праектаў сказалі: «Хлопцы, вы мусіце гэта зрабіць, інакш мы ваш праект выведзем увогуле. То-бок выходзіць што? Нам плацяць грошы сюды. Але калі людзі вылецяць, праект пойдзе, людзі застануцца без працы, і грошай у бюджэце не будзе».

Мужчына дадае, што гэта скарачэнне рызык. Плюс яны адкрылі офіс ва Узбекістане, і стаіць задача яго вырасціць.

«У нас офісы ў 70 краінах. Пытанне стаіць у тым, што там на 800 тысяч у мінулым годзе людзей прырасло. Кожны год расце на 600 тысяч. Уяўляеце? А гэта аб чым гаворыць? Аб тым, што яны там маюць патрэбу ў працы. А мы маем патрэбу ў людзях. А экспертыза наша такая, якой няма нідзе ў свеце. Мы такіх спецыялістаў навучаем, якіх няма нідзе».

Мужчына даводзіць, што ў іх офісе ва Узбекістане бракавала дасведчаных супрацоўнікаў, але падзеі, якія адбыліся, нечакана дазволілі гэтую праблему вырашыць:

«Там не хапае сеньёрных спецыялістаў. Мы мелі патрэбу там, [думалі], каб іх перавесці па нейкіх умовах. А выходзіць, што цяпер без нас гэта ўсё рашылі.

Туды паехалі людзі, і яна там ужо апынуцца. Па [ўласнай] волі, па няволі — не важна».

Шубадзёраў дадае, што ад'езд часовы: «Мы ім сказалі: хлопцы, калі вы хочаце папрацаваць годзік, застаньцеся. Вам там забяспечаць умовы. У нас там ёсць дамоўленасці з мясцовым ПВТ».

Прапагандыстка Ксенія Лебедзева, якая размясціла гэты фрагмент відэа ў сваім тэлеграм-канале, напісала, што на ім «здымкі з перона чыгуначнага вакзала ў Мінску, калі першы цягнік з айцішнікамі пакінуў краіну».

Чытайце таксама:

«Наш робат стаяў за спінай Лукашэнкі на Нацыянальным сходзе». Паспяховы IT-бізнэсмен расказаў, чаму з'ехаў з краіны

«Айцішнікі не бунтуюць, ну і хрэн з імі». Лібер пра Янчэўскага, Баграцова і Добкіна

«Сённяшняя візітоўка Беларусі — палітычны тэрор». Таццяна Марыніч пра рэлакейт, палітыку і ПВТ

Каментары да артыкула