БЕЛ Ł РУС

Неверагодная гісторыя кахання, пра якую некалі зніме стужку «Беларусьфільм»

27.04.2025 / 13:37

Nashaniva.com

«Калі некалі «Беларусьфільм» захоча зняць love story, то гэта будзе чыста шэкспіраўскія гісторыя. Яна кранае мяне кожны раз як толькі яе згадваю. Сёння гартаў свой стары налібоцкі блог і заліп на ёй ізноў. Яе некалі «адкапалі» Севярын Квяткоўскі і Ларыса Цімошык», піша журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Фота: hurnievic / Facebook

Гэта гісторыя кахання Аляксандра Шэкаля з Налібоцкай пушчы і ягонай жонкі Эвеліны. Эвеліна была ўдавой, з дзвюма дочкамі. Сустракацца з Аляксандрам яны пачалі ў сярэдзіне 1930-х.

26 лiстапада 1938 года яны пабраліся шлюбам, але пажыць разам ім пашчасціла ўсяго паўгода. Неўзабаве мужа забралі ў войска, а пасля вайна, савецкая турма, ссылка на Ўсход. Наступны раз яна пабачыць мужа ажно праз 37 год.

Калі немцы напалі на СССР, то Сталін пагадзіўся стварыць польскую армію з вязняў, і Шэкаль з лагера трапіў у армію Андэрса, прымаў удзел у бітве пад Монтэ-Касіна.

У гэты час яго жонка страціла дом. Немцы спалілі хутар, дзе яны з Аляксандрам жылі да вайны. Эвеліна ўцякла да сваякоў пад Івянец.

А муж пасля вайны трапіў у Англію. Вяртацца ў СССР яму не раілі, бо былыя андэрсаўцы траплялі звычайна наўпрост у Сібір. Вяртацца адгаворвала ў лістах і жонка.

Аляксандр уладкаваўся на завод фрэзероўшчыкам, пасялiўся ў горадзе Лютан. Былым героям Монтэ-Касiна Вялікабрытанiя выплачвала яшчэ і пенсiю. Хацеў гэтую пенсію аформіць на жонку, але з Савецкім саюзам такое было немагчыма. 

Аднойчы ён даслаў жонцы свой фотаздымак. Эвеліна папрасіла ў фотамайстра зрабіць падвойны партрэт — яна побач з мужам. Да вайны яны не паспелі сфатаграфавацца разам. Гэты партрэт — на здымку.

У 1976 годзе, калі ў Англіі выбары выйгралі лейбарысты, Шэкаль папрасіў візу ў СССР і ўпершыню за 37 год вярнуўся на Радзіму. Аляксандр хацеў забраць жонку ў Англію, але яна адмовілася, бо адна з дачок была хворая і патрабавала дагляду.

— Я хацеў, каб Эвеліна была разам са мной. Яна адмовiлася, сказала: «Можаш жаніцца. А мо ўжо жанаты, дзяцей маеш?..» Я сказаў: «Не, нічога такога. Жанiцца не буду. Дажыву сам». Крыўдна было. Але я абяцаў, калі зменіцца ў вас права, я прыеду да цябе жыць.

Аляксандр перажыў жонку на 9 гадоў. Фота: volatvydannie / vk.com

У 1990-я, калі Беларусь стала незалежнай, 93-гадовы Аляксандр Шэкаль вярнуўся ў Беларусь. Жонка ўсё яшчэ яго чакала. Яна ўжо моцна хварэла, яе паралiзавала. Аляксандр яе даглядаў. Пасля вяртання яны пражылі разам тры гады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула