БЕЛ Ł РУС

«У яго што, не было чорнага касцюма?» Трампа крытыкуюць за праяўленне непавагі на пахаванні Папы Францішка

28.04.2025 / 12:57

Nashaniva.com

Дональду Трампу закідаюць парушэнне пратаколу падчас цырымоніі пахавання Папы Рымскага Францішка, што адбылася 26 красавіка, — прэзідэнт ЗША апрануў сіні касцюм і гальштук замест прадугледжаных пратаколам чорных, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Фота: Dan Kitwood / Getty Images

Хоць прэзідэнт Трамп быў не адзіным госцем, хто парушыў пратакол адносна адзення, менавіта яго каментатары абвінавацілі ў «непавазе».

Строгі дрэс-код Ватыкана прадугледжваў для гэтай падзеі, каб мужчыны былі апранутыя ў цёмны касцюм (дапускаўся цёмна-сіні) з чорным гальштукам. Абутак, высокія шкарпэткі, паліто і парасоны таксама павінны былі быць чорнага колеру. На пахаванні Папы на лацканах мужчынскіх касцюмаў маглі быць прышпіленыя толькі адзнакі Ватыкана.

Жанчыны, паводле пратаколу, павінны былі быць апранутыя ў доўгія чорныя сукенкі, пальчаткі і вуалі, абутак павінен быў быць з закрытым насочкам, а з упрыгожванняў дазвалялася толькі адна нізка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі быў без гальштука. А папярэднік Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША — Джо Байдэн — надзеў сіні гальштук. Астатнія сусветныя лідары былі апранутыя ў чорнае.

Тым не менш, прэм’ерка Італіі Джорджа Мелоні таксама фармальна парушыла пратакол, бо была ў чорным касцюме са штанамі.

Mail адзначае, што прэзідэнт ЗША, седзячы ў першым шэрагу сярод соцень паважаных гасцей і прадстаўнікоў манаршых родаў, вельмі вылучаўся сваім касцюмам дастаткова яркага адцення сіняга са значком амерыканскага сцяга на лацкане пінжака.

Першая лэдзі ЗША, Меланія Трамп, дзень нараджэння якой — 55-ы — прыпаў менавіта на 26 красавіка, сядзела побач з мужам, апранутая ў класічнае чорнае паліто, а яе галаву пакрывала карункавая вуаль.

Абвінавачванні ў неналежным адзенні прэзідэнта Трампа гучаць праз два месяцы пасля таго, як прэзідэнта Зяленскага абвінавацілі ў «непавазе», калі ён апрануў цёмны світшот на сустрэчу з Трампам у Белым доме, нагадвае Mail. Гэта, як адзначалі тады аглядальнікі, магло стаць падставай для далейшага раздражнення прэзідэнта Трампа, якое перарасло ў гістарычную спрэчку з украінскім лідарам у Авальным кабінеце.

Тады прэзідэнт Зяленскі, які перастаў насіць афіцыйныя касцюмы з пачаткам расійскага ўварвання, заявіў, што зноў будзе іх насіць «пасля таго, як гэтая вайна скончыцца».

Некаторыя каментатары, узгадваючы спрэчку ў Авальным кабінеце і пытанне амерыканскага журналіста Браяна Глена пра адсутнасць касцюма ў Зяленскага, запытваліся пра адзенне прэзідэнта Трампа: «У яго што, няма чорнага касцюма? Гэта непавага».

Варыяцыі французскай рассадкі

Аднак адзенне стала не адзіным парушэннем пратаколу падчас пахавання Папы Францішка. На іншае парушэнне, відавочна, пайшоў сам Ватыкан, каб прэзідэнт Зяленскі апынуўся ў першым шэрагу гасцей цырымоніі — разам з прэзідэнтам ЗША Трампам, хоць і праз 11 месцаў ад яго, піша Telegraph.

Эмануэль Макрон і Уладзімір Зяленскі ў Ватыкане. Фота: president.gov.ua

Паводле гэтых правіл, прэзідэнт Украіны мусіў бы сядзець дзесьці ў трэцім шэрагу або нават яшчэ далей. Замест гэтага прэзідэнту Зяленскаму прапанавалі месца ў першым шэрагу, — там, дзе быў Трамп, прэзідэнт ЗША, французская назва якіх (États-Unis) пачынаецца на літару «E».

У Ватыкане не сталі адмаўляць, што правілы пратаколу былі парушаныя.

«Мяркую, ім прапанавалі вольнае месца», — заявіў прэс-сакратар Ватыкана Матэа Бруні ў каментары Telegraph.

Адначасова, нягледзячы на тое, што Зяленскі і Трамп сядзелі ў адным шэрагу, іх раздзялялі прэзідэнты Індыі, Венгрыі, Габона, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон з жонкай і прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.

Далей за Трампам і яго жонкай сядзеў Алар Карыс, прэзідэнт Эстоніі, і кароль Іспаніі Філіп з жонкай.

Побач з Зяленскімі сядзеў прэзідэнт Ірландыі Майкл Хігінс, што дадаткова сведчыць пра тое, што на правілы пратаколу махнулі рукой, каб украінскі лідар атрымаў месца ў першым шэрагу.

Усе астатнія госці цырымоніі пахавання Папы Францішка атрымалі месцы строга паводле пратаколу, а першы шэраг пачынаўся з прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея.

Прынц Уільям, які прадстаўляў свайго бацьку, караля Карла ІІІ, сядзеў у трэцім шэрагу побач з Олафам Шольцам, канцлерам Германіі, які неўзабаве пакіне сваю пасаду.

Гэта не першы выпадак, калі алфавіт пратаколу прыцягвае ўвагу да рассадкі гасцей падчас міжнародных падзей. У прыватнасці, у лістападзе 2002 года «французская» рассадка ўдзельнікаў саміту НАТА ў Празе дазволіла аддзяліць тагачаснага прэзідэнта Украіны Леаніда Кучму ад амерыканскага і брытанскага лідараў — Джорджа Буша-малодшага і Тоні Блэра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула