БЕЛ Ł РУС

Мінчук месяц змагаецца з таблічкай «Купляйце беларускае» ў краме: яе прымацавалі на расійскія сыркі

29.04.2025 / 12:44

Nashaniva.com

Мужчына абтэлефанаваў усе інстанцыі і падключыў адміністрацыю раёна, але атрымліваецца ўсё з пераменным поспехам.

Фота: Onliner.by

Мужчына ў адной з крамаў сталіцы заўважыў на глазіраваных сырках таблічку «Купляйце беларускае». Вось толькі самі сыркі былі выраблены ў Расіі.

Цэлы месяц ён вёў упартую барацьбу з крамай, каб таблічку знялі, і нават падключыў адміністрацыю раёна, піша Onliner.by

«Хачу папярэдзіць іншых пакупнікоў. Зусім нядаўна ў малочным аддзеле крамы я заўважыў, што пад цэннікам на глазіраваныя сыркі расійскай вытворчасці вісела таблічка «Купляйце беларускае». Атрымліваецца, што людзям прапаноўвалі замежны тавар пад выглядам беларускага», — кажа мужчына.

На самым сырку ў якасці вытворцы ўказаны «Фуд Мілк», Расійская Федэрацыя.

Мінчук адзначыў, што адразу паведаміў пра гэта супрацоўнікам крамы. Таблічку прыбралі, але на гэтым гісторыя не скончылася. Праз некалькі дзён, зайшоўшы ў тую ж краму, ён убачыў той жа самы надпіс на тым жа самым тавары.

«Я патэлефанаваў на гарачую лінію і падрабязна апісаў сітуацыю. Мне абяцалі разабрацца. Але праз некалькі дзён таблічка зноў была на месцы, быццам нічога не адбылося. Паўторны званок таксама не дапамог. Больш за тое, на гарачай лініі заявілі, што ніякай інфармацыі пра мой папярэдні зварот у іх няма», — распавёў мужчына.

Па яго словах, за месяц ён тройчы рабіў заўвагі — і асабіста, і па тэлефоне. Але вынік пакуль нулявы. Варта адзначыць, што пасля звароту ў МАРГ і адміністрацыю раёна чыноўнікі ўсё ж выявілі парушэнні ў краме.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула