«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі
Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным у Валгаградзе запэўніваў саюзніка ў тым, што не забараняе сімвалы «рускага свету».
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Скрыншот відэа
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Валгаградзе раптам пачаў апраўдвацца з-за георгіеўскіх стужак.
«Ніхто не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужачкі», — паспрабаваў пераканаць суразмоўцу Лукашэнка.
Пры гэтым ён прапанаваў Пуціну вывучыць гісторыю георгіеўскай стужачкі і назваў яе своеасаблівай. Але дадаў, што не мае нічога супраць.
Выказаўся Лукашэнка пра шэсце «Бессмяротны полк», на якое беларускія чыноўнікі звычайна не даюць дазволу. Ён растлумачыў, што замест гэтай акцыі праходзіць аналагічная пад назвай «Беларусь памятае», на якую людзі ходзяць як з чырвона-зялёнымі стужачкамі, так і з георгіеўскімі.
Лукашэнка параіў Пуціну не звяртаць увагі на асобныя негатыўныя выказванні на гэты конт.
«У нас ідэя абсалютна аднолькавая. Адна Айчына ад Брэста да Уладзівастока», — паўтарыў свой заезджаны тэзіс Лукашэнка.
На самай справе ў Беларусі замест георгіеўскай стужачкі ўжо даўно прыдумалі чырвона-зялёныя бутаньеркі з яблыневым цветам. Ідэолагі вырашылі дыстанцыявацца ад георгіеўскай стужачкі пасля 2014 года, калі яна стала трывала асацыявацца з рускім светам і сепаратыстамі на Данбасе.
З тых часоў прарасійскія актывісты сістэматычна крытыкуюць чыноўнікаў за негалосную забарону на георгіеўскія стужачкі. Відаць, інфармацыя цяпер дайшла і да Крамля — Лукашэнку давялося апраўдвацца.