БЕЛ Ł РУС

Былы афіцэр Унутраных войскаў з захапленнем вяртаецца да беларускай мовы

29.04.2025 / 20:44

Nashaniva.com

«Я вяртаюся дадому», — напісаў у фэйсбуку Максім Дзенісевіч, які да восені 2020 года служыў у Беларусі ва Унутраных войсках, а пасля, не жадаючы ваяваць з уласным народам, звольніўся з іх і выехаў за мяжу. Але мае на ўвазе ён вяртанне не фізічнае, а духоўнае — вяртанне да каранёў праз засваенне беларускай мовы.

Максім Дзенісевіч. Фота з фэйсбука

«Чым больш разважаю, тым ясней разумею адну простую рэч: я не атрымліваю сапраўднай насалоды ад размовы па-расейску. Больш за тое — адчуваю ўнутраную няёмкасць, калі хтосьці звяртаецца да мяне на «языке»…

Гэта не пра веданне мовы. Гэта пра нешта больш глыбокае, магчыма, пра душу.

Калі я чую беларускую мову або сам размаўляю па-беларуску, усё ўнутры нібыта становіцца на сваё месца. Знікае трывожнасць, прыходзіць ціхая радасць, нават цяпло, якое ты ніколі не зможаш апісаць.

І яшчэ адна праўда: калі вяртаешся да сваёй роднай мовы, на пачатку, трасянка амаль непазбежная. Гэта як размытая дарога дадому пасля доўгай вандроўкі. Але трасянка — гэта толькі пераходны этап, а не месца для спынення!

Трасянка — гэта абсалютна агідная рэч, якая знішчае нашу мову, пераўтварае яе ў нешта калгаснае (колхозное), другаснае, насмешлівае. І калі мы сапраўды любім сваю мову, мы павінны выкарыстоўваць трасянку як пераходны этап, каб выкінуць яе як старыя лапці і загаварыць чыстай, годнай беларускай мовай.

Мова — гэта не толькі словы. Гэта частка таго, хто ты ёсць. І я ўсё мацней адчуваю: беларуская мова — гэта мая родная прастора, мая сіла і мой сапраўдны дом.

Я вяртаюся дадому. І ніхто больш не прымусіць мяне забыцца дарогу», — напісаў Максім Дзенісевіч.

Максім Дзенісевіч звольніўся з унутраных войск восенню 2020 года. Год таму ён расказаў «Нашай Ніве» пра тое, чым яму прыходзілася займацца на працы, колькі чалавек ахоўвае Лукашэнку, а таксама пра мару навучыць беларусаў замежжа трымаць у руках зброю.

Чытайце таксама:

Былы афіцэр унутраных войск: Я быў камандзірам групы, якая перасаджвала бульбу ў рэзідэнцыі Лукашэнкі

«Ніколі не чуў слова «куліч» у жывой народнай мове». Як называць па-беларуску велікодную выпечку?

«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

Каментары да артыкула