У Гродне пенсіянер паспрабаваў замініраваць аўто суседа. Мужчыну выратаваў сабака
Пенсіянер вырашыў спаліць аўто суседа і сабраў самаробную запальную бомбу.
Фота: канал гродзенскіх сілавікоў
У Гродне пенсіянер паспрабаваў замініраваць аўтамабіль суседа, з якім у яго здарыўся канфлікт.
Мужчыны не падзялілі маёмасць. Гэта вельмі засмуціла пенсіянера, і ён рашыўся на радыкальныя меры. Гродзенец падкінуў пад машыну суседа самаробную запальную бомбу.
Гаспадара аўто выратаваў яго сабака, які, пачуўшы чужынца, пачаў брэхаць. Пачуўшы пах бензіна і выявіўшы дзіўную скрынку пад ніжняй часткай машыны, пацярпелы выклікаў міліцыю.
Сілавікі хутка затрымалі пенсіянера. Прыстасаванне ён сабраў з бутэлькі з гаручым рэчывам і іншых элементаў. Эксперты прыйшлі да высновы, што самаробка ўяўляе небяспеку. Сапёры абясшкодзілі «бомбу» на месцы.