БЕЛ Ł РУС

Менавіта Макрон і Стармер пераканалі Трампа змяніць думку адносна Пуціна

1.05.2025 / 9:10

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША змяніў рыторыку адносна расійскага лідара Уладзіміра Пуціна пасля некалькіх месяцаў непублічных дыпламатычных намаганняў з боку прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, піша Politico са спасылкай на крыніцы ў еўрапейскіх урадавых колах, на ўмовах ананімнасці.

Кір Стармер і Эмануэль Макрон. Фота: Tom Nicholson / Getty Images

Паводле выдання, змена курсу Трампа стала вынікам працяглай каардынацыі дзеянняў паміж Лонданам, Парыжам і Вашынгтонам. Стармер і Макрон імкнуліся пераканаць амерыканскага прэзідэнта зменшыць ціск на Уладзіміра Зяленскага і накіраваць частку сваёй злосці на Пуціна, выкарыстоўваючы аргумент, што Пуцін робіць з Трампа дурня.

«Публічная крытыка прэзідэнта ЗША на адрас Пуціна дазволіла дыпламатам у Лондане і Парыжы стрымана сціснуць кулакі ад задавальнення — іх намаганні цягам апошніх трох месяцаў, падаецца, пачалі прыносіць плады», — піша Politico.

Выданне паведамляе, што ключавую ролю ў перамовах з амерыканскай адміністрацыяй адыгрывалі дарадца па нацыянальнай бяспецы Вялікабрытаніі Джонатан Паўэл і міністр абароны Джон Гілі. Іх намаганні каардынаваліся з паслом ЗША ў Вялікабрытаніі Маркам Бернетам. Са свайго боку, міністр замежных спраў Брытаніі Дэвід Лемі паведаміў, што толькі сёлета меў 13 размоў з дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіа, Стармер з Трампам — «амаль» столькі ж.

«Зяленскаму адназначна ўдалося паўплываць на ход думак Трампа ў Рыме», — сказаў адзін з былых брытанскіх паслоў на ўмовах ананімнасці.

Паводле яго слоў, Брытанія і Францыя пастаянна падкрэслівалі, што Пуцін «праяўляе непавагу (да Трампа), пастаянна парушаючы перамір’е, якое сам жа і абвясціў».

Чытайце таксама:

Украіна і ЗША падпісалі пагадненне па прыродных рэсурсах

Расія згодная абмяркоўваць пытанне перадачы ЗША кантролю над Запарожскай АЭС

Стала вядома, пра што маглі размаўляць Зяленскі і Трамп падчас сустрэчы ў Ватыкане

Трамп верыць, што Пуцін хоча спыніць вайну, але дапускае, што той «дурыць яму галаву»

«Шанцы на спыненне агню роўныя нулю». ЗША паведамілі Еўропе, што перамовы з Пуціным зайшлі ў тупік

Каментары да артыкула