Праўладны канал: Калі дзяржаўныя выданні не могуць вычысціць забароненыя спасылкі, то як патрабаваць гэтага ад звычайных рабацяг
«Непарадак».
За старыя рэпосты навін заблакаваных рэсурсаў людзей кідаюць на суткі, але такіх спасылак процьма на сайтах дзяржаўных медыя і органаў. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
Праўладны тэлеграм-канал «Графач» звярнуў увагу на стары артыкул у «СБ. Беларусь сегодня», дзе засталася спасылка на Tut.by і фота з лагатыпам партала, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Так выглядаў артыкул на сайце «СБ. Беларусь сегодня»
«Калі ўжо дзяржаўныя выданні з цэлымі рэдакцыямі не могуць у сябе вычысціць усе спасылкі і згадкі цяпер забароненых СМІ, то як можна патрабаваць гэтага ад звычайных рабацяг або бабуль у «Аднакласніках».
А то любяць у нас прад'яўляць прэтэнзіі за старыя рэпосты, лайкі і падпіскі. Непарадак», — напісаў «Графач».
Аўтар канала пажартаваў, што калі б ён быў турбапатрыётам, то ўжо крычаў бы, што «бэчэбэшнікі і прыхільнікі дзяржперавароту пралезлі ў святая святых», і патрабаваў правесці чысткі.
«СБ» у тым артыкуле неўзабаве выдаліла спасылкі на Tut.by.