БЕЛ Ł РУС

Пажарныя Лос-Анджэлеса абвясцілі са сцэны пра перамогу Беёнсэ на «Грэмі»

3.02.2025 / 8:56

Nashaniva.com

Ім некалькі хвілін стоячы апладзіравала ўся зала.

Фота: Chris Pizzello / AP

Амерыканская спявачка Беёнсэ атрымала прэмію «Грэмі» ў катэгорыі «Найлепшы альбом» за сваю кантры-пласцінку Cowboy Carter. Беёнсэ ўжо чатыры разы намінавалася ў галоўнай катэгорыі, але да гэтага часу ёй не ўдавалася перамагчы, піша Бі-бі-сі.

У выніку яна абышла Тэйлар Свіфт, Білі Айліш, Charli XCX і іншых калег па сцэне.

«Прайшло вельмі-вельмі шмат гадоў, — сказала яна, прымаючы ўзнагароду. — Я спадзяюся, што мы працягнем рух наперад, адчыняючы новыя дзверы».

Мяркуючы па выразе твару Беёнсэ і яе мужа, рэпера Jay-Z, у момант абвяшчэння вынікаў, перамога ў гэтай катэгорыі стала для іх поўнай нечаканасцю.

«Ваў, я сапраўды не чакала гэтага», — сказала яна, атрымліваючы ўзнагароду з рук Тэйлар Свіфт.

Сёлета, у сувязі з нядаўнімі пажарамі ў Лос-Анджэлесе, прэмія прайшла ў паменшаным фармаце, без шумных вечарынак, якія звычайна яе суправаджаюць.

Абвясціць перамогу на сцэну выйшлі супрацоўнікі пажарнага ўпраўлення Лос-Анджэлеса, якім некалькі хвілін стоячы апладзіравала ўся зала.

«У варунках беспрэцэдэнтнай пажарнай сітуацыі іх самаадданыя дзеянні былі сапраўды натхняльнымі»,— сказаў з сцэны кіраўнік упраўлення Энтані Маронэ.

«Нашы шчырыя спачуванні і малітвы звернутыя да ўсіх сем'яў, якія страцілі блізкіх, сяброў і суседзяў, а таксама да тых, хто страціў дамы, бізнес і быў вымушаны пакінуць свае месцы жыхарства», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Сабрына Карпентэр атрымала «Грэмі» за найлепшыя поп-альбом і песню

Каментары да артыкула