Стала вядома, калі скончаць рэканструкцыю кінатэатра «Масква» ў Мінску
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў на сустрэчы з навучэнцамі і педагогамі Мінскага дзяржаўнага фінансава-эканамічнага каледжа расказаў, калі плануецца завяршыць рэканструкцыю ці будаўніцтва некаторых важных гарадскіх аб'ектаў. Пра гэта паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Кінатэатр «Масква». Фота: Яндэкс-Карты
Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, рэканструкцыя кінатэатра «Масква» ў сталіцы Беларусі завершыцца да 9 мая. Як лічыць чыноўнік, «абноўлены кінатэатр стане месцам прыцягнення моладзі».
Акрамя таго, да Дня горада ў Лошыцкім парку адкрыюць аб'ект для правядзення шлюбаў. Ён размесціцца на вуліцы Чыжэўскіх у адным з гістарычных будынкаў, якія рэканструююць. Цырымоніі шлюбу збіраецца арганізоўваць у тэатралізаванай форме з улікам гістарычных традыцый. Акрамя таго, у парку пабудуюць рэстараны і гатэль для маладых.
Таксама ў Мінску праводзіцца мадэрнізацыя шэрагу медыцынскіх устаноў.
«Работы па шэрагу аб'ектаў аховы здароўя ўжо завершаныя. У стадыі абнаўлення — 6-я клініка. Будзе пабудаваны новы корпус 11-й бальніцы. Усё гэта для таго, каб напоўніць установы аховы здароўя сучасным абсталяваннем, якія дазваляюць выяўляць захворванні на ранняй стадыі і праводзіць эфектыўнае лячэнне».
Да мая таксама мае быць здадзены Нацыянальны футбольны стадыён. Завяршаюцца работы па будаўніцтве двух фізкультурна-спартыўных цэнтраў — у Лошыцы і Каменнай Горцы, а таксама рэканструююцца каля 80 спартыўных пляцовак па месцы жыхарства.
Чытайце таксама:
Планы па рэканструкцыі касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску памянялі не ў лепшы бок
На ўсходзе Мінска пабудуюць новы вялікі раён на 100 тысяч чалавек
Новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея пабудуюць да 2027 года