БЕЛ Ł РУС

Марка Рубіа і міністр транспарту ЗША накрычалі на Маска. Трамп быў змушаны ўмяшацца

7.03.2025 / 22:52

Nashaniva.com

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа і амерыканскі міністр транспарту Шон Дафі пасварыліся з Ілонам Маскам на пасяджэнні ўрада, паведамляе The New York Times.

Ілан Маск. Фота: Beata Zawrzel NurPhoto via Getty Images

Паводле інфармацыі выдання, Марка Рубіа і Шон Дафі публічна абвінавацілі Ілана Маска ў хлусні.

У ходзе пасяджэння ўрада Ілан Маск выступіў з крытыкай чыноўнікаў. У прыватнасці, ён абвінаваціў дзяржсакратара Марка Рубіа, што ён не звольніў нікога са сваіх падначаленых.

Рубіа адказаў, што гэта хлусня і заявіў, што адправіў частку работнікаў на пенсію, але прапанаваў прыняць іх назад, каб Маск мог іх зноў звольніць і зладзіць з гэтага шоу.

Калі спрэчка зацягнулася, у яе ўмяшаўся сам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які стаў на бок Рубіа.

Міністр транспарту Дафі, у сваю чаргу, заявіў, што супрацоўнікі Маска патрабуюць звальняць авіядыспетчараў, між тым як у яго ўжо дзве авіякатастрофы «на руках». Маск прапанаваў назваць імёны звольненых, але Дафі сказаў, што імёнаў няма таму, што ён перашкодзіў звальненню людзей.

NYT адзначае, што члены амерыканскага ўрада ў цэлым падтрымліваюць скарачэнне персаналу і барацьбу са злоўжываннямі, але яны не згодныя з метадамі, якія прымяняе Маск.

Менавіта пасля гэтага інцыдэнту Трамп нібыта прыняў рашэнне абмежаваць паўнамоцтвы Маска, пра што паведаміў у сваёй сацсетцы Truth Social. У адмысловым пасце ён, з аднаго боку, пахваліў мультымільярдэра за кадравую палітыку, але ў той жа час заклікаў яго быць больш стрыманым пры звальненні дзяржаўных службоўцаў.

«Па меры таго, як міністры даведваюцца і больш разумеюць людзей, якія працуюць у розных дэпартаментах, яны могуць быць вельмі дакладнымі адносна таго, хто застанецца, а хто сыдзе. Мы гаворым «скальпель», а не «сякера», — напісаў Трамп.

Ён прызнаў, што «важна захаваць найлепшых і самых прадуктыўных людзей» і «не звальняць у масавым парадку здольных федэральных службоўцаў».

Згодна з новымі ўказаннямі прэзідэнта ЗША, маскаўскі DOGE павінен адыгрываць кансультатыўную ролю, а канчатковыя рашэнні па персанале застаюцца за кіраўнікамі дэпартаментаў.

Чытайце таксама:

Літоўскага палітыка-папуліста запрасілі ў ЗША на сустрэчу з Маскам. Тое, што гэта развод, ён зразумеў толькі ў аэрапорце

Продажы Tesla у Нямеччыне ўпалі на 76% на фоне скандалаў Маска з неадназначнымі жэстамі і падтрымкай ультраправых

Маск ужо прапануе Зяленскаму «амністыю ў нейтральнай краіне» ў абмен на «аднаўленне дэмакратыі» ва Украіне

Расія і Кітай імкнуцца завербаваць служачых, звольненых адміністрацыяй Трампа

Маск загадаў усім федэральным чыноўнікам ЗША справаздачыцца, што яны робяць, або звольніцца

Каментары да артыкула