БЕЛ Ł РУС

Археолагі знайшлі багатую грабніцу старажытнаегіпецкага военачальніка

2.04.2025 / 16:30

Nashaniva.com

Егіпецкія археолагі раскапалі грабніцу ўзростам 3200 гадоў, якая, як мяркуецца, належала высокапастаўленаму военачальніку часоў фараона Рамзеса III (XII стагоддзе да н. э.). Яго валадаранне часта называюць апошнім «вялікім» перыядам XX дынастыі і ўсяго Новага царства. У прыватнасці, Рамзес III вядомы шматлікімі паспяховымі ваеннымі кампаніямі, піша Euronews.

Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта

Грабніца, пабудаваная з глінабітных цаглін, складаецца з галоўнай камеры і трох прылеглых пакояў, сцены якіх пакрытыя белым растворам. Унутры археолагі выявілі мноства артэфактаў, якія сведчаць пра высокі статус пахаванага.

Агульны выгляд грабніцы. Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта

Сярод значных знаходак — залатое кальцо з іменем фараона Рамзеса III, а таксама бронзавыя наканечнікі стрэл і невялікая шкатулка са слановай косці. Таксама знайшлі алебастравыя пасудзіны, напаўкаштоўныя камяні і амулеты з выявамі Таурт (багіні — апякункі цяжарных і парадзіх) і Беса (карліка — захавальніка хатняга ачага).

Бронзавыя наканечнікі стрэл з грабніцы ваеначальніка. Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта

Алебастравая пасудзіна, як мяркуецца, для духмяных рэчываў. Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта

Заінтрыгавала археолагаў калекцыя гліняных пасудзін з надпісамі, сярод якіх — імя фараона Харэмхеба, які кіраваў больш чым за стагоддзе да Рамсеса III.

Харэмхеб да таго, як узысці на трон, сам быў военачальнікам. Яго імя навяло навукоўцаў на думку, што грабніцу маглі выкарыстоўваць паўторна.

Чытайце таксама:

У ізраільскай пустыні знайшлі загадкавую піраміду, поўную скарбаў

Навукоўцы змаглі вызначыць магчымых сваячак Ефрасінні Полацкай дзякуючы генетычнаму аналізу

У Іспаніі знайшлі фрагменты костак самага старажытнага з вядомых у Заходняй Еўропе людзей

Каментары да артыкула