Элементы маўрытанскага стылю. У тэатры імя Горкага расказалі, як зменіцца ягоны будынак
Рамонт мінскага тэатра імя Максіма Горкага сталічныя ўлады плануюць завяршыць ужо ў наступным годзе, паведамілі ў эфіры тэлеканала СТБ.
Фота: СТБ
У выніку рамонту знешняе аблічча тэатра, як сцвярджаецца, значна памяняецца.
У ім ўжо правялі работы па дэмантажы. Ідзе пракладка новых інжынерных сетак, залітыя падлога і бетон пад аснову для новага ганка. Рабочыя правялі гідраізаляцыю падмурка, замянілі дах і пачалі ставіць сцэнічную механіку.
У эфіры тэлеканала расказалі, што галоўны фасад тэатра атрымае элементы маўрытанскага стылю, а на ўваходнай групе з'явяцца афішныя слупы і ляпніна.
«Не так даўно быў праведзены капітальны рамонт у 2021 годзе, але ён быў кропкавы, мы закранулі толькі планшэт сцэны і светлавое абсталяванне, у тэатры кульгаў гук», — канстатавала першая намесніца дырэктара тэатра Наталля Грамыка.
Паводле яе слоў, пасля рэканструкцыі ў тэатры з'явіцца высакакласнае гукавое абсталяванне, якому трэба прайсці спецыяльныя акустычныя выпрабаванні.
«Верхняя механізацыя штанкетных гаспадарак у нас будзе новая, яна ў нас была супрацьвагавая, будзе пераведзеная ў вертыкальнае, будзе лёгкая ва ўпраўленні», — удакладніла намесніца дырэктара.
Наталля Грамыка асабліва адзначыла, што цяпер гэтым абсталяваннем можна будзе кіраваць з першага паверха, а раней супрацоўнікам тэатра даводзілася кіраваць механікай на пераходных мастках.
Калі ўсе работы ў тэатры будуць завершаныя, у глядзельнай зале паставяць 380 камфортных крэслаў. На столі з'явіцца аўтэнтычны роспіс, а на партале сцэны адновяць ляпніну.
«Для наведвальнікаў адкрыюць раней недаступную частку фае. Таксама адновяць гістарычны роспіс на цокальным паверсе. Завяршыць рамонт плануюць да лютага 2026 года», — падкрэслілі ў сюжэце СТБ.
Чытайце таксама:
Пасля выступлення Луганскага тэатра ў Мінску адна з глядачак выгукнула «Слава Украіне!»
Вольга Няфёдава прызнала, што Купалаўскі тэатр дагэтуль не змог аднавіцца