Японскі вытворца матацыклаў прэзентаваў робата-каня
Кампанія Kawasaki прадставіла канцэпт-кар, якога яшчэ ніхто не бачыў, — двухмеснага чатырохногага робата, кіраванне якім робіцца з дапамогай рухаў цела ездака.
Робат-конь Corleo ад кампаніі Kawasaki. Скрын відэа: KawasakiGroupChannel / YouTube
Як паведамляе New Atlas, на выставе Osaka Kansai Expo 2025 японская карпарацыя Kawasaki Heavy Industries паказала, якім можа быць транспарт заўтрашняга дня — і гэта зусім не лятаючы аўтамабіль, а робат-конь з вадародным рухавіком. Мадэль атрымала назву Corleo.
Як сцвярджае вытворца на сваім сайце, гэта новая катэгорыя персанальнага пазадарожнага транспартнага сродку, які спалучае праходнасць з устойлівасцю матацыкла.
Фота: khi.co.jp
Асноўная асаблівасць — чатыры незалежныя робатызаваныя нагі, кожная з якіх абсталяваная «капытом» з гумовай паверхняй, што адаптуецца да рэльефу.
Блок задніх ног можа балансаваць уверх і ўніз незалежна ад перэдняга блока, што дазваляе лепш гасіць удары падчас руху. Corleo можа хадзіць, скакаць, уздымацца па прыступках і пераадольваць перашкоды.
«Скарыце горы, дыхайце свежым паветрам і атрымлівайце асалоду ад панарамных краявідаў», — заклікае вытворца.
Фота: khi.co.jp
Карыстальнік кіруе Corleo, паварочваючы руль і перамяшчаючы вагу цела. Датчыкі ціску на педалях і рулі фіксуюць сілу гэтых рухаў. Для камфорту прадугледжаная магчымасць рэгулявання вышыні страмёнаў і вугла нахілу. Усё гэта для таго, каб карыстальнік адчуваў сябе не проста пасажырам, а часткай машыны.
Замест звычайнага рухавіка ў Corleo вадародны генератар аб’ёмам 150 см³. Вадарод падаецца з балонаў, устаноўленых ззаду, а атрыманая энергія сілкуе электрапрывады ў кожнай назе.
Перад ездаком — інфармацыйная панэль, на якой адлюстроўваюцца ўзровень вадароду, становішча цэнтра цяжару, кірунак маршруту і іншыя паказчыкі. Уначы Corleo праектуе стрэлкі на зямлю, каб абазначыць бяспечны шлях наперад.
Пакуль што Corleo — гэта толькі прататып, які ўмее стаяць, хадзіць і пазаваць. У Kawasaki заяўляюць, што робат-конь можа паступіць у масавую вытворчасць да 2050 года.
Чытайце таксама:
Амерыканская кампанія паказала лятаючы аўтамабіль ВІДЭА
Кітайцы вырабілі рэальны самалёт-невідзімку. Гэта можа мець наступствы для балансу сілаў
Будучыня наступіла: Кітай плануе развіваць лятаючы беспілотны транспарт