БЕЛ Ł РУС

«Мы аддалі ўсё, што ў нас было, загналі сем'і ў даўгі». Вядомы мінскі клуб канчаткова закрыўся

14.04.2025 / 16:37

Nashaniva.com

Прычын у такога сумнага становішча некалькі.

Клуб «Бруге», які знаходзіўся на Партызанскім праспекце ў Мінску, працаваў каля дзесяці гадоў. У 2023 годзе месца змяніла ўласніка: клуб прадалі за 20 тысяч даляраў (ці 63 тысячы рублёў па курсе таго часу).

У 2024 годзе «Бруге» зноў пачаў праводзіць канцэрты і збіраць публіку.

— «Бруге» вяртаецца. Мы амаль нічога не мянялі і стараемся цалкам захаваць любімую атмасферу клуба, таму ты зноў можаш вярнуцца ў свой дом! — шчасліва пісалі тады ў інстаграме клуба.

Але ўжо на другі месяц пасля пераадкрыцця новая каманда даведалася, што дамову арэнды з імі ніхто працягваць не плануе. Нягледзячы на гэта, людзі не гублялі аптымізму і спадзяваліся, што неяк атрымаецца вырашыць праблему.

Цяпер жа ў гісторыі «Бруге» паставілі кропку — каманда сцвярджае, што ўсе магчымасці захаваць месца вычарпаныя.

Скрыншот інстаграма клуба «Бруге»

Некалькі пастоў з развітаннямі з’явілася ў інстаграме клуба: «Мы наіўна не кідалі спробы захаваць клуб, імкнуліся да апошняга і шукалі магчымыя шляхі рашэння. Недзе нам ішлі насустрач, а недзе — не. Мы трымаліся, як маглі. Сіл і рэсурсаў на гэта больш няма. Ёсць толькі глыбокі сум і даўгі».

Першай прычынай закрыцця стала тое, што праз некалькі гадоў будынак, дзе знаходзіўся клуб, плануюць аддаць пад рэканструкцыю. Другой — адсутнасць магчымасці працаваць ноччу, праз што клуб стаў прыносіць вялізарныя страты.

«Мы не з'яўляемся бізнэсменамі. Мы — каманда, якая складаецца з простых людзей, музыкаў і сумежных галін. Таму, так. Мы аддалі ўсё, што ў нас было, загналі нашы сем'і ў даўгі і страцілі ўсё ўсяго за нейкі год існавання», — паведамляецца ў допісе ў інстаграме.

Каманда дадае, што нават не можа прадаць клуб: «Больш там ніколі не будзе клуба».

Нагадаем: раней «Бруге» быў вядомы канцэртамі беларускіх музыкаў. Тут таксама праходзілі рок і метал-канцэрты, час ад часу ладзіліся квізы. У 2020 годзе клуб сутыкнуўся з праблемамі праз каранавірус, але ўсё ж выстаяў.

Чытайце таксама:

У сталіцы выставілі на продаж знакавы клуб. Каштуе як аўтамабіль

Гендарная актывістка Колб: Вазочнік Аўдзевіч лез мне рукамі пад сукенку

У Мінску адмянілі канцэрт расійскага гурта IC3PEAK. Арганізатары лічаць, што за палітыку

Каментары да артыкула