БЕЛ Ł РУС

Просты моўны тэст можа паказаць, колькі гадоў вам засталося жыць

16.04.2025 / 9:0

Nashaniva.com

З узростам мы часта заўважаем, што мозг працуе не так шпарка, як раней. Але, як паказвае буйное нямецкае даследаванне, адна канкрэтная здольнасць можа шмат расказаць пра тое, колькі нам засталося жыць. Аказваецца, нашы моўныя здольнасці цесна звязаны з працягласцю жыцця.

Пытанне пра тое, як кагнітыўныя здольнасці ўплываюць на даўгалецце, даўно хвалюе вучоных. Інтэлект агулам, як вядома, карэлюе з працягласцю жыцця, але якая менавіта функцыя адыгрывае ключавую ролю? Памяць? Хуткасць апрацоўкі інфармацыі? Ці, магчыма, моўныя навыкі?

Як піша Fitbook.de, каб адказаць на гэтае пытанне, група навукоўцаў пад кіраўніцтвам Інстытута чалавечага развіцця Таварыства Макса Планка прааналізавала даныя 516 чалавек, якія прымалі ўдзел у Берлінскім даследаванні старэння (BASE) — адной з найбуйнейшых доўгатэрміновых праграм па вывучэнні старэння ў Германіі.

Сярэдні ўзрост удзельнікаў быў 84,9 года. Назіранне за імі цягнулася 18 гадоў. Збор даных праводзіўся ў восем этапаў, з максімальным перыядам назірання 18,36 года (сярэдняя працягласць даследавання — 4,04 года). На момант пачатку аналізу ўсе ўдзельнікі ўжо памерлі, таму іх выніковая працягласць жыцця з моманту тэсціравання была вядома.

Навукоўцы сканцэнтраваліся на чатырох аспектах кагнітыўных функцый:

Удзельнікі выконвалі дзевяць розных тэстаў. Напрыклад, ім трэба было запомніць і пазней узнавіць па памяці пары слоў, ці супаставіць лічбы і сімвалы адпаведна пэўнаму правілу. Каб праверыць моўную гібкасць, іх прасілі назваць як мага больш жывёл за 90 секунд або пералічыць словы, што пачынаюцца на літару «с».

Каб ацаніць сувязь паміж вынікамі тэстаў і рызыкай смерці, вучоныя выкарысталі складаную статыстычную мадэль (JMLSM), якая дазваляе ўлічваць не толькі ўзровень здольнасцяў, але і іх змены з цягам часу. Пры гэтым браліся пад увагу ўзрост, пол, сацыяльна-эканамічны статус і наяўнасць сімптомаў дэменцыі.

Галоўнае адкрыццё: моўная гібкасць прадказвае даўгалецце

Вынікі здзівілі нават саміх даследчыкаў: з усіх кагнітыўных функцый толькі тэсты на моўную гібкасць — «назаві жывёл» і «словы на «с» — выразна прадказвалі працягласць жыцця. Чым лепш удзельнікі спраўляліся з гэтымі заданнямі, тым ніжэйшай была іх рызыка смерці.

Розніца была відавочнай: тыя, хто мог назваць каля 33 жывёл, у сярэднім жылі пасля тэсту яшчэ 12 гадоў, а тыя, хто назваў толькі 11, — каля трох гадоў. Іншыя кагнітыўныя здольнасці, такія як памяць ці хуткасць апрацоўкі інфармацыі, не паказалі такой выразнай сувязі з працягласцю жыцця. Нават індэкс інтэлекту не быў надзейным прадказальнікам.

Цікава, што вырашальным аказаўся не тэмп зніжэння моўных здольнасцяў з цягам часу, а актуальны ўзровень на момант тэсту. Калі чалавек дэманстраваў высокую моўную гібкасць на гэты момант, яго шанцы на доўгае жыццё былі значна вышэйшыя — незалежна ад таго, як хутка яго функцыі пагаршаліся раней.

Чаму моўная гібкасць такая важная?

Такія тэсты, як пералік жывёл, задзейнічаюць адразу некалькі зон мозгу, у тым ліку лобныя долі і лімбічную сістэму. Гэтыя вобласці адказваюць за складанае мысленне, прыняцце рашэнняў, рэгуляцыю эмоцый і агульную псіхічную стабільнасць. Добрая моўная гібкасць — гэта паказчык здароўя не толькі мозгу, але і арганізма ў цэлым.

Даследаванне паказала: рэгулярная моўная актыўнасць — расповед гісторый, вядзенне дзённіка, разгадванне крыжаванак — не толькі падтрымлівае мозг у тонусе, але можа літаральна падаўжаць жыццё.

Сілы і абмежаванні даследавання

Праца ўражвае сваёй глыбінёй і метадалагічнай дакладнасцю. Складаная статыстычная мадэль дазволіла ўлічыць мноства фактараў і мінімізаваць хібы. Доўгатэрміновы характар (18 гадоў) і вялікая колькасць удзельнікаў надаюць ёй вагі.

Але ёсць і абмежаванні. Удзельнікі былі пераважна вельмі пажылымі, таму вынікі могуць быць менш прыдатныя да больш маладых узроставых груп. Акрамя таго, даследаванне старэння BASE пачалося ў Заходнім Берліне ў 1990-х, і культурна-гістарычныя асаблівасці таго часу маглі паўплываць на вынікі. Тым не менш дадатковыя праверкі пацвердзілі надзейнасць высноў.

Што гэта значыць для нас?

Гэтая праца пераглядае звыклыя ўяўленні пра даўгалецце. Не агульны IQ і не бездакорная памяць, а здольнасць хутка і гнутка працаваць з мовай стала галоўным маркерам доўгага жыцця.

Для пажылых людзей гэта добры знак: моўную актыўнасць можна развіваць у любым узросце. Расказвайце гісторыі, удзельнічайце ў размовах, пішыце лісты ці гуляйце ў слоўныя гульні — усё гэта не толькі прыемна, але і, як паказвае навука, дапамагае жыць даўжэй.

Чытайце таксама:

Галоўчанка паабяцаў, што праз 15 гадоў працягласць жыцця беларусаў будзе складаць 80 гадоў

Холад можа дапамагчы ў лячэнні хваробы Альцгеймера і Паркінсана

Змена звычак запавольвае старэнне

Дрэнная памяць. Як яе палепшыць і як зразумець, што ўсё ж час ісці да доктара 

Каментары да артыкула