БЕЛ Ł РУС

Еўрапейскія кампаніі з-за палітыкі Трампа могуць вярнуцца да супрацоўніцтва з «Газпрамам»

14.04.2025 / 19:8

Nashaniva.com

На фоне перагляду Дональдам Трампам адносін з Еўропай кіраўнікі буйных энергетычных кампаній у Еўрасаюзе пачалі гаварыць пра тое, што было неймаверна яшчэ год таму. Французскія і нямецкія кампаніі цяпер называюць імпарт расійскага газу, у тым ліку ад «Газпрама», добрай ідэяй, піша Reuters.

Калаж: Jonathan Raa/NurPhoto via Getty Images

Адну з заяў аб магчымым аднаўленні паставак з Расіі зрабіў выканаўчы віцэ-прэзідэнт французскай кампаніі Engie Дзідзье Хало:

«Калі ва Украіне настане разумны мір, мы маглі б вярнуцца да аб'ёмаў паставак у 60 мільярдаў кубаметраў, можа быць, 70 мільярдаў кубаметраў у год, уключаючы звадкаваны прыродны газ», — сказаў ён.

Па словах Ало, Расія магла б забяспечваць 20-25% патрэбаў ЕС, а не 40%, як да вайны ва Украіне.

Кампанія Engie, якой часткова валодае французская дзяржава, да вайны была адным з найбуйнейшых купцоў газу ў «Газпрама», адзначае Reuters.

Вяртанне да імпарту расійскага газу дапусціў у размове з агенцтвам і кіраўнік TotalEnergies Патрык Пуянэ:

«Еўропа ніколі не вернецца да імпарту 150 мільярдаў кубаметраў [газу] з Расіі, як да вайны… Але я б паставіў, можа быць, на 70 мільярдаў кубаметраў».

Ён заклікаў ЕС дыверсіфікаваць пастаўкі і перасцярог ад празмернай залежнасці ад ЗША.

Пры гэтым Францыя, якая мае развітую атамную энергетыку, ужо цяпер мае адну з самых разнастайных сістэм энергазабеспячэння ў Еўропе. Германія ж, якая доўгі час абапіралася на танны расійскі газ для падтрымкі прамысловага сектару, мае тут значна менш магчымасцяў.

Крыстоф Гюнтэр, кіраўнічы дырэктар нямецкай кампаніі InfraLeuna, якая кіруе хімічным паркам Лойна — адным з найбуйнейшых хімічных кластараў у Германіі, у якім размешчаныя прадпрыемствы Dow Chemical, Shell і іншыя, — сказаў, што многія ягоныя калегі згодныя з неабходнасцю вярнуцца да расійскага газу, але саму гэтую тэму ён назваў табуяванай.

«Аднаўленне працы трубаправодаў [«Паўночны паток»] прывядзе да большага зніжэння цэнаў, чым любыя бягучыя праграмы субсідый», — сказаў ён.

«Нам патрэбен расійскі газ, нам патрэбная танная энергія — усё адно, адкуль яна паступае», — сказаў Клаўс Паўэр, дырэктар сярэднепамернага нафтахімічнага прадпрыемства Leuna-Harze.

«Мы можам сабе ўявіць аднаўленне прыёму або транспартавання расійскай нафты пасля ўсталявання міру ва Украіне», — сказаў міністр эканомікі нямецкай федэральнай зямлі Брандэнбург Даніэль Келер.

У гэтай зямлі ў горадзе Швет-на-Одэры знаходзіцца НПЗ, які часткова належыць «Раснафце».

Змены ў рыторыцы адбываюцца на фоне занепакоенасці Еўропы ў сувязі з залежнасцю ад амерыканскага ЗПГ, адзначае Reuters.

Навуковая супрацоўніца Цэнтра глабальнай энергетычнай палітыкі Калумбійскага ўніверсітэта Таццяна Мітрова мяркуе, што тарыфная вайна Трампа ўзмацніла занепакоенасць Еўропы з нагоды гэтай залежнасці.

«Становіцца ўсё больш складана разглядаць амерыканскі ЗПГ як нейтральны тавар: у пэўны момант ён можа стаць геапалітычным інструментам», — падкрэсліла яна.

Высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат сказаў Reuters, што не можа выключыць, што ЗША выкарыстоўваюць абмежаванне экспарту ЗПГ у якасці інструмента ціску.

У Еўропы насамрэч застаецца мала варыянтаў. Перамовы з найбуйнейшым сусветным пастаўшчыком ЗПГ Катарам затармазіліся, а разгортванне аднаўляльных крыніц энергіі хоць і паскараецца, аднак тэмпы яго недастатковыя, каб ЕС адчуваў сябе ў бяспецы.

Калі Расія ўварвалася ва Украіну, Еўрасаюз рэзка скараціў закупкі газу ў Расіі. Праз гэта ў 2023 годзе «Газпрам» упершыню за 25 гадоў атрымаў чыстыя страты на 629,1 мільярда рублёў. У 2024 годзе страты кампаніі выраслі да 1,08 трыльёна рублёў.

У 2024 годзе, па даных Еўракамісіі і LSEG, расійскі газ забяспечыў 18,8% імпарту ЕС: 11,4% па трубах і 7,4% — у звадкаваным выглядзе. У сукупнасці гэтая доля аказалася нават большай, чым у ЗПГ ад ЗША (16,7%).

У першым квартале 2025 года, праўда, сітуацыя кардынальна змянілася. Сукупныя расійскія пастаўкі, паводле звестак аналітычнага цэнтра Bruegel, абрынуліся да 10,1 мільярда кубаметраў з 14,1 мільярда кварталам раней. Гэта адбылося ў выніку прыпынення транзіту праз Украіну і падзенні імпарту ЗПГ да самага нізкага ўзроўню з першага квартала 2021 года. У той жа час закупкі ў ЗША дасягнулі «беспрэцэдэнтнага» ўзроўню, склаўшы рэкордныя 18,4 мільярда кубаметраў.

Чытайце таксама:

Як Беларусі выжыць у новым прагматычным свеце, ці ісці на кампраміс? Адказ Астапені

​На рашэнне Трампа ўвесці мыты супраць усяго свету аказаў уплыў фэйкавы эксперт

«Еўропа гатовая адказаць». Урсула фон дэр Ляен пракаментавала абвешчаную Трампам гандлёвую вайну

ЗША не першы раз у гісторыі вядуць гандлёвыя войны. Ці прыносілі поспех папярэднія?

«Рэйган пераварочваецца ў труне». Дэмакраты даручылі адказваць Трампу сенатарцы, чый прадзед уцёк у Амерыку з Койданава

Каментары да артыкула