«Рэйган пераварочваецца ў труне». Дэмакраты даручылі адказваць Трампу сенатарцы, чый прадзед уцёк у Амерыку з Койданава
Дэмакратычная партыя абрала для адказу на зварот Дональда Трампа сенатарку ад Мічыгана Элісу Слоткін. Яе прадзед нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, уцёк ад бацькоў-хасідаў без пашпарта і пабудаваў амерыканскую мару.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з першым пасля выбараў зваротам да Кангрэсу ЗША. Па амерыканскай палітычнай традыцыі, апазіцыя заўсёды запісвае свой адказ на выступленне прэзідэнта. На гэты раз Дэмакратычная партыя даручыла апаніраваць Трампу сенатару ад штата Мічыган Элісе Слоткін.
У сваім дзесяціхвілінным адказе Слоткін падвергла крытыцы першыя крокі Трампа на пасадзе прэзідэнта, назваўшы іх неабдуманымі. Па яе словах, цэны на тавары і паслугі ў краіне працягваюць расці, а ў новай адміністрацыі няма яснага плана, як з гэтым змагацца.
Асобна прадстаўніца дэмакратаў закранула адносіны з Украінай. Яна ўзгадала пра рэзанансную сустрэчу Трампа і віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса з Уладзімірам Зяленскім у Белым доме.
«Гэты эпізод у Авальным кабінеце быў не проста кепскім рэаліці-шоў. Ён адлюстраваў усю сутнасць падыходу Трампа да міжнароднай палітыкі.
Прэзідэнт Трамп любіць гаварыць пра мір праз сілу. Але на самай справе гэтую фразу ён скраў у Рональда Рэйгана. Але пасля таго спектакля, які разыграўся ў Авальным кабінеце на мінулым тыдні, магу сказаць адно: Рэйган, відаць, пераварочваецца ў труне», — адзначыла Слоткін.
Яна дадала, што Трамп «аддае перавагу заігрываць з дыктатарамі кшталту Уладзіміра Пуціна і біць нашых саюзнікаў, як Канада, па твары», маючы на ўвазе тарыфную вайну, якую Трамп пачаў з суседам.
Раскрытыкавала сенатарка і міграцыйную палітыку Трампа, абвінаваціўшы яго ў адсутнасці спачування да нелегалаў. Гэта нядзіўна, улічваючы яе сямейную гісторыю.
Эліса Слоткін нарадзілася ў яўрэйскай сям'і, яе бацькі валодаюць фермай у вёсцы Холі ў Мічыгане. Ферма з'яўляецца часткай вялікай кампаніі Hygrade Meat Company, якую яшчэ ў першай палове XX стагоддзя заснаваў прадзед Элісы Самуэль Слоткін. Ён нарадзіўся ў Койданаве (сучасным Дзяржынску) пад Мінскам і быў адным з дзевяці дзяцей у сям'і мясцовага талмудыста. У той час мястэчка было адным з цэнтраў хасідызму.
Самуэль з самага дзяцінства не адпавядаў бацькоўскім чаканням: ён марыў выехаць у ЗША і разбагацець. На ўцёкі ён наважыўся ў 14 гадоў, тады ў яго яшчэ не было пашпарта. Самуэль уплаў перасек памежную раку, каб пазбегнуць сустрэчы з расійскімі і нямецкімі памежнікамі, затым дабраўся да Галандыі. Адтуль у 1899 годзе падлетак выправіўся ў ЗША — на той час там прымалі мігрантаў без пашпартоў.
У кішэні ў хлопца былі ўсяго даляр і восемдзесят цэнтаў. Першапачаткова Самуэль хацеў стаць мастаком, але пазней пад уплывам сваякоў заняўся мясным бізнэсам.
У 1914 годзе Самуэль заснаваў кампанію Hygrade, якая стала піянерам у вытворчасці перапрацаванага і ўпакаванага мяса. Кампанія Слоткіна стварыла хот-догі Ball Park Franks, якія і сёння застаюцца самымі прадаванымі ў ЗША. З цягам часу Слоткін стаў мільянерам, расказваў The New Yorker.
Самуэль прыбыў у ЗША ў разгар масавай яўрэйскай іміграцыі з Усходняй Еўропы. Як мінімум семёра з ягоных васьмі братоў і сясцёр таксама перабраліся ў Амерыку, там жа ў выніку апынуўся і бацька Самуэля. У 1924 годзе Кангрэс ЗША прыняў Закон Джонсана-Рыда, які фактычна закрыў краіну для яўрэяў з Усходняй Еўропы. У выніку большасць койданаўскіх хасідаў былі забітыя нацыстамі падчас Халакосту.
Праўнучку Самуэля Элісу цяпер называюць узыходзячай зоркай Дэмакратычнай партыі. Яна доўга працавала аналітыкам ЦРУ, была памочніцай міністра абароны ў адміністрацыі Барака Абамы. У 2018 годзе Слоткін была абраная ў Палату прадстаўнікоў, а летась выйграла выбары ў Сенат — у 48 гадоў яна стала самай маладой жанчынай-дэмакраткай у верхняй палаце. Слоткін характарызуюць як умераную дэмакратку. У Палаце прадстаўнікоў у яе была рэпутацыя цэнтрысткі, найбольш схільнай да кампрамісаў з рэспубліканцамі.
Каментары