«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі
Ірына Маркелава — маці актывіста Пятра Маркелава — працавала ў Беларусі доктаркай-эндаскапісткай. У 2021 годзе яе звольнілі з медыцынскага цэнтра «Ладэ» па палітычных матывах. Доўгі час Ірына не магла знайсці працу па спецыяльнасці, таму занялася сваім даўнім хобі — вырабам натуральнай касметыкі. Але пасля пераезду ў Польшчу ў 2023 годзе ўсё ж вырашыла вярнуцца ў медыцыну. Яна расказала «Нашай Ніве», чаму хобі не стала працай, як пацвярджала дыплом і што яе здзіўляе ў польскай медыцыне.

Ірына Маркелава. Фота тут і далей: асабісты архіў гераіні
«Калі самому рабіць крэмы, то можна ўлічыць усе асаблівасці скуры»
Першы час у эміграцыі Ірына працягвала займацца вырабам натуральнай касметыкі. Яна вырабляе крэмы, мыла, гідрафільныя алеі для зняцця макіяжу.
Ірына знайшла ў Варшаве курсы па стварэнні натуральнай касметыкі, пайшла вучыцца ў паліцэяльную школу (гэта накшталт тэхнікума) па спецыяльнасці «тэхнік касметычных паслуг». Рабіла крэмы пад замову.
«Аснова натуральнай касметыкі — раслінныя алеі, якія падобныя да тых ліпідаў, што вырабляе скура. Яе немагчыма параўноўваць з крэмамі мас-маркет, аснова якіх — так званыя мінеральныя алеі (парафін або вазелін). Яны не з’яўляюцца алеямі па хімічнай структуры, здольныя толькі ствараць плеўку на паверхні скуры. Гэтая плеўка перашкаджае страце вільгаці, скура выглядае гладкай і ўвільготненай, але на самай справе не аздараўляецца. Доўгатэрміновае выкарыстанне такой касметыкі можа парушыць натуральныя працэсы ў скуры, напрыклад, скараціць выпрацоўку ўласных ліпідаў, што робіць скуру залежнай ад знешніх сродкаў».

Натуральная касметыка даражэйшая за мас-маркет, але не патрабуе складанага абсталявання.
«Дастаткова дзвюх хімічных шклянак, мікраблэндара або венчыка для капучына і вагаў. Натуральныя, самаробныя крэмы хутка псуюцца, таму маюць меншы тэрмін прыдатнасці і патрабуюць спецыяльных умоў захоўвання, напрыклад, у халадзільніку. Увогуле, калі самому рабіць сродкі для догляду, то можна ўлічваць асаблівасці скуры, алергіі, розныя патрэбы скуры летам і ўзімку. Таксама заўсёды ведаеш, што і навошта дадаеш у такі сродак. Напрыклад, можна не дадаваць зусім кансерванты, калі нядоўга захоўваць крэм у халадзільніку», — расказвае яна.
Натуральны догляд за скурай можа быць зусім просты, дзеліцца Ірына. Напрыклад, калі ў далоні змяшаць аўсянку з вадой, атрымліваецца мяккі ачышчальны сродак, які дзейнічае дадаткова як лагодны скраб.
Аднак ператварыць хобі ў стабільную справу аказалася складана, бо вялікага попыту на натуральную касметыку ў Польшчы няма, тлумачыць жанчына.
Яе муж Дзмітрый Маркелаў раней працаваў хірургам у Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Пасля пераезду ў Польшчу ён здаў медыцынскі іспыт для пацвярджэння беларускага дыплома. Ірына вырашыла таксама вярнуцца ў медыцыну.
«Кошт іспыту ў Беластоку — каля 1000 даляраў»
Працэс пацвярджэння медыцынскага дыплома ў Польшчы — доўгі і складаны. Першы этап — іспыт на польскай мове, які ахоплівае ўсю праграму медыцынскага ўніверсітэта.
«Па сутнасці, гэта нібыта ты зноў здаеш экзамен за ўсе гады навучання. Ён ахоплівае ўсю медыцыну: ад педыятрыі і хірургіі да анатоміі, біяхіміі і гісталогіі. Я скончыла ўніверсітэт у 1996 годзе, і тыя веды шмат у чым страцілі актуальнасць. Медыцына пайшла наперад. Я рыхтавалася да экзамену дзевяць месяцаў. Не працавала ўвогуле, кожны дзень вучылася. Гэта сапраўды быў цяжкі перыяд.
З нашай групы ў Беластоку здалі 10% людзей. Кошт іспыту ў Беластоку — каля $1000. У асноўным яго здаюць украінскія і беларускія лекары. Я здала з першага разу, хаця гэта вельмі цяжкі экзамен, і першая спроба часта правальная для многіх», — кажа Ірына.
Пасля тэарэтычнага іспыту неабходна прайсці стажыроўку — аналаг беларускай інтэрнатуры.
«Завяршыўшы яе, можна працаваць доктарам, але яшчэ без спецыялізацыі, — тлумачыць яна. — Я ўжо прайшла настрыфікацыйны экзамен, які пацвярджае, што мой дыплом адпавядае польскім стандартам. Але каб працаваць доктарам, трэба працягваць — здаваць наступныя іспыты і праходзіць новыя этапы».

Яшчэ да пераезду сям’я вывучала польскую мову, але медыцынская лексіка стала нечаканым выклікам.
«Медыцынская польская — зусім іншая справа. Многія тэрміны не з лацінскай, а перакладзены на польскую. Гэта было для мяне вялікім здзіўленнем. Нават словы, якія ў нас агульнапрынятыя на лацінцы, у Польшчы маюць свае аналагі. Выкладчыца расказвала, што медыцынская польская мова фармавалася ў XIX стагоддзі, калі Польшча ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Палякі не хацелі, каб польская медыцынская тэрміналогія была падобная да расійскай.
Таму так сталася, што «гастрыт» па-польску — zapalenie błony śluzowej żołądka (запаленне слізістай абалонкі страўніка), а «менінгіт» — zapalenie opon mózgowo-rdzeniowych (запаленне мазгавой абалонкі), — расказвае Ірына.
«Там, дзе не хапае спецыялістаў, беларусаў можа быць палова калектыву»
Зараз Ірына працуе ў бальніцы ў маленькім польскім горадзе — аналаг нашай раённай бальніцы. Працуе па часовым дазволе, які выдае Міністэрства здароўя Польшчы. Яна займаецца эндаскапічнымі даследаваннямі як малодшы доктар пад наглядам польскага спецыяліста.
«У Польшчы няма асобнай спецыяльнасці «эндаскапіст», гэта дадатковыя навыкі для гастраэнтэролагаў ці хірургаў. Для працы ў вузкіх спецыялізацыях трэба здаць яшчэ асобныя экзамены і пацвердзіць права займацца канкрэтнымі відамі медыцынскіх працэдур. Муж таксама працуе па часовым дазволе, бо так атрымлівае большы заробак. Калі б пайшоў на стажыроўку, страціў бы права працаваць па гэтым дазволе. Ён вельмі добра зарабляе: працуе і ў шпіталі, і ў паліклініцы, і на дзяжурствах», — кажа яна.
У Польшчы Ірына атрымлівае мінімальны заробак доктара. Суму яна не называе, але адзначае, што гэты больш, чым было ў яе «Ладэ».
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, дактары без спецыялізацыі ў Польшчы атрымліваюць мінімум 2300 даляраў, са спецыялізацыяй першай і другой ступені — мінімум 2700 даляраў.
«Медыцына адрозніваецца ад беларускай. Тут не робяць нічога лішняга. Спачатку ў мяне быў маленькі шок: калі ў Беларусі ў шпіталь паступае пацыент з страўнікава-кішачным крывацёкам, то адразу робяць эндаскапію. І потым на працягу лячэння яшчэ некалькі раз кантроль. Тут пацыента адразу пачынаюць лячыць, а эндаскапію робяць, калі лекар прыйдзе на працу. У адрозненне ад Беларусі, дзе перад планавай аперацыяй трэба прайсці масу абследаванняў, у Польшчы доктар прызначае толькі тое, што сапраўды патрабуецца.
У нашым шпіталі з беларусаў-дактароў толькі мы, але ў іншых месцах, асабліва там, дзе не хапае спецыялістаў, іх можа быць і палова калектыву. Бываюць месцы, дзе беларусаў не вельмі хочуць бачыць — у вялікіх шпіталях можа адчувацца канкурэнцыя»,
— расказвае Ірына.
Аднак псіхалагічна шлях да інтэграцыі аказаўся няпростым.
«Пасля апошняга экзамену LEK (у перакладзе на беларускую расшыфроўваецца як медыцынскі заключны экзамен. — НН) мяне ўпершыню накрыла дэпрэсія. Здаецца, з'явілася нейкая пэўнасць у будучыні, жыццё нібыта наладжваецца, але ў нейкі момант усё наклалася: стомленасць ад напружанай вучобы, чужое асяроддзе, жыццё на здымных кватэрах. І навіны з радзімы не адпускаюць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары
Альбо парадавацца, што атрымліваецца ўладкавацца ў замежжы.