Італьянец пераехаў у беларускую вёску і пачаў пячы сапраўдную піцу на дровах
У вёсцы Крывая Бяроза (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) кухар-італьянец Тотан Папачоне па-майстэрску круціць цеста і выпякае свежы хлеб.

Яго кафэ «Папачо Піца» працуе з пятніцы па нядзелю, расказвае блогер Какабай. Там гатуюць трынаццаць розных відаў піцы, факачу, тырамісу і фірмовую папоша — сэндвіч на цёмным хлебе з класічнай італьянскай начынкай.

Адна з піц — з каўбаскамі і беконам — называецца «Пацаны». Шэф прыдумаў яе ў гонар беларускіх хлапчукоў. Ён хацеў стварыць піцу, якая спадабаецца дзецям, таму дадаў у «Маргарыту» (дзе толькі таматная паста і мацарэла) каўбаску і бекон.

Сэндвіч папоша — гэта лёгкі, з хрумсткай тонкай скарыначкай хлеб тыпу чыабаты, усярэдзіне салата капрэзэ і вяндліна.

Італьянец Тотан Папачоне працаваў у рэстараннай сферы з 1988 года. У 2022-м, пасля смерці бацькі, у яго ўзніклі цяжкасці ў адносінах з братамі — таму ён кінуў усё і з сям'ёй пераехаў з Італіі ў Беларусь (тут жыла сям'я яго спадарожніцы). Калі шукаў, дзе асесці, улюбіўся ва ўчастак з каробкай дома пад Смалявічамі. Летась скончыў будаваць дом, а сёлета адкрыў сваю міні-піцэрыю.

Каментары