«Дзеці схадзілі ў садок два дні. І я ўжо хачу забраць дакументы»: расіянка з Крыма ў шаленстве ад беларускага садка
Крымчанка, якая лічыць сябе расіянкай і жыве ў Гродне, вырашыла паскардзіцца на дзіцячы садок. Яна атрымала сотні негатыўных каментарыяў — і пачала кпіць з узроўню заробкаў у Беларусі.

У сваім інстаграме Таццяна Гайдук распавядае, што яны з мужам з Крыма (не без гонару жанчына паказвае, што ў 2018 годзе працавала там журналісткай на тэлеканале «Крым 24»). Сябе Таццяна называе рускай.

У 2023 годзе сям'я, у якой ужо было дзве маленькія дачкі, пераехала ў Беларусь. Таццяна з мужам Дзянісам выбралі Гродна. Тут займаліся турызмам — арганізоўвалі аўтарскія туры па Беларусі і Расіі. Дзяніс прымаў замовы яшчэ і як фатограф, Таццяна вырабляла свечкі.
Летась Дзяніс ізноў эміграваў — паехаў працаваць у ЗША, а Таццяна з дзяўчаткамі засталася ў Беларусі. У сям’і з’явіўся новы варыянт заробкаў. У інстаграме Таццяна рэкламуе, што яе муж можа набыць у Амерыцы і даслаць у Беларусь, Расію ці Крым амаль што заўгодна — цацкі, касметыку, адзенне: «Тое, чаго ў нашых краінах няма. Арыгіналы брэндаў». Дзяніс не забывае запісваць ролікі, у якіх расказвае, што ў ЗША ўсё ў некалькі разоў таннейшае, чым у Беларусі.
Таццяна ж запісвае жартаўлівыя ролікі кшталту «Калі расіянцы сказалі ісці працаваць у Беларусі» і тлумачыць, што заробак 600 рублёў на месяц яе не цікавіць.
Нядаўна жанчына аддала сваіх дачок у дзіцячы садок. Па яе словах, дзяўчаткі паспелі схадзіць толькі два разы — і правялі там прыкладна па паўтары гадзіны. Але мама ўжо ў шаленстве і запісвае відэа, поўнае абурэння. Дык што здарылася?
— Спачатку мне далі дзве анкеты на кожнае дзіця, дзе пытаюцца пра ўсё: поўная ці няпоўная сям’я, свая ці не свая кватэра. «Можа быць, вы жывяце з мамай?», «Дзе ваш муж?», «Якая плошча кватэры?». Высвятляюць усё! Дзе працуюць нават бабулі і дзядулі маіх дзяцей. Ну раптам мы нейкія дэпутаты, а яны не ведаюць, як з намі абысціся правільна, належным чынам. Але дэпутатаў у нас няма, таму з намі размаўляюць не вельмі.
Абурыла Таццяну і тое, што на трэці дзень зранку ёй патэлефанавала выхавацелька з пытаннем, дзе ж дзяўчаткі.
— І з прэтэнзіяй такой: «А вы дзе?!». Я ёй кажу: «Мы захварэлі, мы сёння не прыйдзем». Яна кажа: «Мне трэба вас наведаць, абавязкова. Калі?».
Крымчанка не хацела бачыць у сваёй кватэры выхавацельку — пра што шчыра і сказала. Па словах Таццяны, супрацоўніца садка адказала, што ў іх такія правілы, і прыгразіла выклікаць міліцыю.
— «Вы павінны ўладкавацца на працу, вы нідзе не працуеце! Мы выклікаем міліцыю, каб праверыць, як жывуць дзеці. Бу-бу-бу», — не хавае эмоцый блогерка, пераказваючы непрыемную размову.
Выхавацелька стала настойваць на тым, што прыйдзе ўвечары а шостай. Таццяна заявіла, што кожны дзень яе дочкі ходзяць на гурток а сёмай — плюс патрэбны час, каб даехаць да месца заняткаў.
— Яна размаўляла тонам чалавека, у якога я на ўтрыманні! Ці я працаўладкавалася да яе абмываць ёй ногі. Вось такі тон у чалавека!
Далей блогерка тлумачыць, што камунікацыя з выхавацелькай была няўдалай з першага дня. Па словах Таццяны, яна спрабавала абмеркаваць тое, што яе дачка плача — на што выхавацелька быццам адказала: «У нас усе дзеці плачуць, гэта нармальна».
Крымчанка таксама распавяла, што тая ж дачка паскардзілася, што выхавацелька крычыць на дзяцей. Муж Таццяны, пачуўшы гэтую гісторыю, сказаў забіраць дакументы з садка.
Ёсць і яшчэ адзін момант, які пакінуў у жанчыны непрыемныя ўражанні. Гэта тое, што ў садку сказалі купіць шмат розных рэчаў — ад формы для фізкультуры да канцылярскіх тавараў і нават туалетнай паперы.
— Калі мне цяжка вытрымліваць такую цётку нават пяць хвілін, як быць трохгадоваму дзіцяці ўвесь дзень? Дарэчы, у анкеце 99% пытанняў пра прыбытак сям'і, але спытаць пра характар дзіцяці, яго захапленні — не, навошта? На гэта адзін радок. Мне было некамфортна ад гэтых пытанняў. І галоўнае пытанне, якое мне задалі ў анкеце — «Чым вы можаце дапамагчы садку?».
Сама фармулёўка вельмі не спадабалася Таццяне. Яна б хацела бачыць больш тактоўнае «ці можаце вы нечым дапамагчы?».
Блогерка кажа, што яе дочкі працягнуць хадзіць у садок (бо самі гэтага вельмі хацелі), але толькі да наступнага канфлікту.
— Адразу скажу: мы не збіраліся хадзіць доўга. Я хацела іх крыху павадзіць, проста пазнаёміць з садком, калі яны хацелі. Я разумею, што праз некалькі тыдняў гэты запал пройдзе. Але ж хочацца яго задаволіць.

Відэа разышлося ў інстаграме і за суткі набрала 77 тысяч праглядаў, але ж пры гэтым усяго 295 лайкаў. Затое дыскусія пачалася шалёная — на сотні каментарыяў. І большасць людзей рэзка крытыкуюць Таццяну — тая ж даволі па-хамску ім адказвае.

Самы папулярны каментар набраў 285 лайкаў: «Паспрабуйце паважаць краіну, куды прыехалі. Так, у нас выхавацелька дзіцячага садка абследуе жыллёвыя ўмовы дзяцей. Такі закон. Не падабаецца — едзьце. Вам змаглі даць садок. Вы не стаялі ў чарзе з нараджэння. Вам далі проста так і адразу бясплатны дзіцячы сад, а вы яшчэ ныеце, што вашаму ж дзіцяці прыйшлося купіць чэшкі і майкі?»
Блогерка парыруе і сцвярджае, што ў беларускіх садках недахоп дзяцей і, каб не зачыніцца, яны вымушаны змагацца за кожнае дзіця.
Беларуска з ЗША напісала, што хоча адправіць дачку у Мінск, таму што ў «Амерыцы няма такіх утульных дзіцячых садочкаў» — і панеслася
Маці не захацела скідвацца на пыласос у дзіцячы садок — яе папракнулі ў сквапнасці
Чыноўнікі забаранілі праводзіць салодкія сталы на выпускных у дзіцячых садах. А фатографа паклікаць можна?
Як выглядаюць новыя дзіцячыя садкі ў Мінску ФОТА
Каментары
Бацька неведама дзе.
Жытловыя ўмовы паказваць не хоча.
Тут да СНС адзін крок.
Напрыклад пажарнага сігналізатара няма - і прывітанне.