Расійскія і беларускія спецслужбы арганізуюць атакі на беларусаў у Літве — Дзяржбяспека Літвы
Літоўскія спецслужбы пацвердзілі, што шматлікія правакатыўныя выпады ў бок беларусаў і літоўцаў робяцца спецыяльна для таго, каб выклікаць негатыўнае стаўленне да беларусаў, якія жывуць у Літве. Расійскія і беларускія разведвальныя службы планавалі гвалтоўныя атакі супраць беларусаў, якія пражываюць у Літве, паведамляе Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ).

Літоўская выведка зафіксавала спробы расійскіх і беларускіх спецслужбаў арганізаваць гвалтоўныя акты супраць беларусаў, што жывуць у Літве. Мэта аперацыі — пасеяць варожасць, страх і стварыць вобраз Літвы як ксенафобскай краіны, паведамляе ДДБ.
Паводле заявы дэпартамента, з 2023 года спецслужбы Расіі і Беларусі праводзяць інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю на тэрыторыі Літвы, скіраваную на падаўленне беларускай дыяспары і распальванне міжнацыянальнай варожасці.
Аперацыя пачалася з грозных лістоў і фэйкавых відэа, якія распаўсюджваліся нібыта ад імя «ліцвіністаў». З вясны 2024 года такая актыўнасць перайшла ў рэальнае асяроддзе: на вуліцах пачалі з’яўляцца надпісы з лозунгамі «Вільня наша!» і іншыя правакацыйнымі надпісамі, паведамляе ДДБ.
Улетку 2024-га пачаліся акты вандалізму супраць аб’ектаў, звязаных з беларускай дыяспарай у Вільні: разбітыя вокны крамы, страляніна па капліцы з пнеўматыкі, пашкоджанні Беларускага культурнага цэнтра. На сценах з’яўляліся надпісы супраць апазіцыі, у тым ліку на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
З 2025 года, паводле ДДБ, пачаліся спробы знайсці выканаўцаў гвалтоўных нападаў на беларусаў у Літве. Падазраваныя арганізатары — людзі, што прадстаўляюцца жыхарамі краін ЕС. Яны прапануюць маладым беларусам удзел у фэйкавых праектах, напрыклад, у здымках відэа, дзе ў рэальнасці меркавалася здзейсніць напад.
Адначасова вядуцца пошукі выканаўцаў у тэлеграм-каналах і групах у сацсетках, асабліва сярод фінансава ўразлівых асоб: беспрацоўных, студэнтаў, малазабяспечаных. Задачы вар'іруюцца ад фатаграфавання аб’ектаў да гвалтоўных дзеянняў з фіксацыяй на камеру.
ДДБ папярэджвае: дзейнасць расійскіх і беларускіх спецслужбаў у Літве застаецца высокаактыўнай і агрэсіўнай, а выконванне такіх заданняў цягне за сабой крымінальную ці адміністрацыйную адказнасць. Пры выяўленні падобных выпадкаў ДДБ заклікаюць неадкладна звяртацца да іх па тэлефоне +370 700 70 007 або на e-mail: [email protected].
Каментары